У Дняпро ўпадае паўнаводны, з зялёнымі дубамі на берагах Сож, на якім стаіць Гомель, што літаральна патанае ў вільготных, парках.
Гомель, другі па велічыні беларускі горад, адначасова стары і вельмі малады. Бульвары, манументальныя будынкі. А звернеш налева ад плошчы Леніна – нібы ўваходзіш у іншы клімат. Амаль двухсотгадовы парк. Сто розных парод дрэў, у тым ліку і вельмі рэдкіх. Гроты, аранжарэі, вісячыя масты над ярамі, ператворанымі ў лебядзіныя сажалкі. Петрапаўлаўскі сабор пачатку дзевятнаццатага стагоддзя, у якім цяпер планетарый, магільня графаў Паскевічаў, труба іх былога завода, пабудаваная як мінарэт, з якой адкрываецца чароўны пейзаж. Непадалёк палац васямнаццатага стагоддзя, які Румянцаў пабудаваў пасля раздзелу Рэчы Паспалітай, калі Кацярына Другая падарыла яму значную частку Гомельшчыны. Семдзесят залаў, аздобленых мармурам, золатам, каштоўнымі пародамі дрэў, агатам. Тут цяпер Палац моладзі з багатай бібліятэкай, майстэрнямі і гурткамі.
Гомель здаўна быў досыць прамысловы. Тут займаюцца вытворчасцю шкла і тканіны, працуюць запалкавая фабрыка, папяровая фабрыка ў Добрушы. Пачатак новай індустрыі ў тысяча дзевяцьсот трыццатым годзе паклаў «Гомсельмаш» – першынец беларускага сельскагаспадарчага машынабудавання. Ёсць у горадзе кабельны, суднабудаўнічы, падшыпнікавы і іншыя заводы, кандытарскі камбінат «Спартак«. Працуе ўніверсітэт.
Гомель – буйны рачны порт з прычаламі, складамі, добрай акваторыяй і лад’язнымі шляхамі.
(193 словы)
Паводле У. Караткевіча
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Гомель