Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гарэзы на параходзе

   Наш параход ішоў цёплымі паўднёвымі морамі. Неяк, калі мы прысталі да берагоў Афрыкі, адзін негр прадаў маракам дзвюх малпачак.
   Малпачкі хутка прывыклі да новага месца. Неўзабаве яны сталі любімцамі каманды. Маракі назвалі іх Яшкам і Машкай.
   Яшка любіў чапляцца хвастом за перакладзіны і, звісаючы галавой уніз, гайдаўся, нібы запраўскі фізкультурнік. Машка кожны раз перад сняданкам сігала на стол, хапала драбок цукру і імгненна знікала.
   Аднойчы боцман схаваў у шуфлядцы стала дзве каробкі шакаладу. Неяк, выходзячы з каюты, ён не зачыніў за сабой дзверы. Цікаўная Машка ўткнула мордачку ў шчыліну, потым ускочыла ў каюту і пачала гаспадарыць там. Яна гойсала па ложку, зазіраючы ў шуфлядкі шафы і ў сталы.
   Калі боцман вярнуўся, перад самым яго носам з каюты выслізнула Машка. У зубах яна трымала каробку шакаладу. Звярок лёгка, нібы тая птушка, шуснуў на палубу. Матросы з гучным рогатам і свістам паспяшаліся на дапамогу боцману. Спрытная Машка не давалася ў рукі, яна скакала, хавалася. Тлум і мітусня ўзняліся на параходзе. Падахвочаныя нечаканай забавай, матросы не шкадавалі ног, ганяючыся за свавольніцай.
   – Палову шакаладу таму, хто адбярэ каробку, – крыкнуў боцман, даганяючы хвастатую свавольніцу.
   Але вось малпа выпусціла каробку, а сама скочыла на мачту. Узрадаваны боцман падхапіў каробку і адкрыў яе. Матросы зазірнулі туды і зарагаталі. Каробка была пустая. Машка ж сядзела на мачце, даядала шакалад і папісквала ад задавальнення.
   А адзін раз боцман сабраўся памыць брудны мяшок. Ён прывязаў яго вяроўкай і кінуў праз круглае акенца сваёй каюты ў мора. Ад хуткага руху парахода мяшок паласкаўся ў марской вадзе.
   Пакінуўшы мяшок купацца, боцман выйшаў з каюты, зачыніў дзверы на ключ і падняўся на верхнюю палубу. Расправіўшы вусы, кінуў позірк на мора. Сярод дробных хваляў паказалася вялізная акула, а з вады пачалі выскокваць лятучыя рыбы: напэўна, іх спалохала акула. Паласатыя рыбкі пераляталі цераз параход і ныралі ў ваду.
   Абедзве малпачкі пачалі падскокваць, спрабуючы лавіць рыбак. Але рыбкі ляцелі хутка, і малпы ніводнай з іх не злавілі. Ды вось Яшка і Машка разам падскочылі над бортам і стукнуліся адна аб адну. У тую ж хвіліну паветра скалануў прарэзлівы енк, а малпы зніклі з палубы і боўтнуліся ў ваду.
   Ураз пракацілася:
   – Чалавек за бортам!
   Гэта боцман, схапіўшы выратавальны круг, сігануў у мора.
   Калі павярнулі параход назад, чалавек у моры здаваўся ледзь прыкметнай кропкай. Маракі заўважылі, як акула таксама паплыла туды, дзе віднеўся боцман. Усе захваляваліся. Параход ішоў поўным ходам і бесперапынна гудзеў. Так хацелі адагнаць марскога драпежніка.
   Акула знікла пад вадой. Вунь і яе плаўнікі мільганулі паблізу боцмана. У кожнага, хто стаяў на палубе, трывожна сціснулася сэрца: ці ўдасца выратаваць боцмана?
   Хутка спусцілі шлюпку і выцягнулі з вады боцмана і Яшку. Усе зразумелі, што Машка патанула. У тую ж хвіліну паблізу паказаліся магутныя плаўнікі акулы.
   Папіскваючы, Яшка туліўся да боцмана. Матросам здавалася, што ў малпачкі на вачах слёзы.
   Шлюпку паднялі на параход. Боцман, увесь мокры, моўчкі падаўся ў сваю каюту. Ён адчыніў дзверы і ўбачыў Машку, якая сядзела на століку і грызла шакалад з другой каробкі. Марак аслупянеў, а Машка, схапіўшы агрызак шакаладу, кінулася праз акно ў мора. Боцман падбег да стала і насілу прасунуў галаву ў акенца. Ён убачыў малпачку, якая трымалася на вяровачцы, якой ён прывязаў мяшок.
   Марак здагадаўся, што, калі малпы падалі з палубы, Машка схапілася за тую вяровачку і выратавалася.
(530 слоў)

Паводле М. Трублаіні.