Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ганарліўка Ганна

   Калёсы, на якіх сядзелі Васіль і маці, ужо ўязджалі ў лес.
   – Душна будзе, – сказала маці.
   Неўзабаве яны дагналі Чарнушкаў. Можна было б ехаць за імі, аддаючы знак пашаны дзядзьку Цімоху як старэйшаму. У іншых абставінах Васіль так і зрабіў бы, але з дзядзькам сядзела задзіра Гануля, Васілёва равесніца. Гэта задзіра ў апошні час Васілю жыцця не давала. Пры кожнай сустрэчы смяялася і здзекавалася з яго. Каб няпраўду казала, яшчэ б нічога, а то ж праўда ўсё: розныя вочы, і валасы ад сонца наперадзе зарудзеліся! Усё нялюдскае нейкае!
   Ці ж мог пасля ўсяго гэтага Васіль паслухмяна цягнуцца за Чарнушкамі? Ледзь маці ўправілася сказаць дзядзьку Цімоху, што, мусіць, будзе спёка, як Васіль, тузануўшы каня лейцамі, хутка аб’ехаў Чарнушкаў. Не пазіраючы на Ганну, ён адчуваў сябе шчаслівым. Вось як ён абышоў яе.
   Хто яна, гэта ганарліўка, якая так абыходзіцца з ім? Што ж, ён пакажа ёй!
   Калі Васіль быў увесь напоўнены слодыччу адплаты, стары хамут раптам разышоўся, а аглобля зашоргала па нагах каня. Васіль трывожна саскочыў. Нічога страшнага не было: проста парвалася супоня.
   Хлопец хутчэй завязаў парваныя канцы, але калі пацягнуў іх з усёй сілы, то моцна завязаны вузельчык разышоўся. Прыйшлося зноў завязваць. Калі, паружавеўшы ад натугі, ён сцягваў супоню на хамуце, побач зарыпелі калёсы дзядзькі Цімоха. Ганна весела зіркнула на Васіля і прамовіла:
   – Супоню дома забыў!
   Васіль ад такой абразы аж перастаў сцягваць хамут. Ён не ведаў, што і сказаць.
   – У чужое проса не ўтыкай носа!
   Ён прамовіў гэтыя словы ціха, больш для маці і для сябе, каб супакоіцца. І наогул, хіба добра было яму, няхай і маладому чалавеку, але ж мужчыну і гаспадару, старшаму ў сям’і, звязвацца з нейкай дзяўчынкай? Але ні словы, ні думкі гэтыя не вярталі яму спакою і раўнавагі.
   Васіль ехаў цяпер пануры. Ён наогул быў схільны да развагі, не любіў вельмі адкрываць сваю душу, асабліва калі ў ёй варушыліся невясёлыя думкі.
   З-за павароту ён убачыў наперадзе Чарнушкаў воз, белую Ганніну хустачку, і думкі яго вярнуліся да дзяўчыны: «Я гэтага табе не забуду! Пабачыш!»
(329 слоў)

 

Паводле І. Мележа

 

Похожие статьи:

СачыненніВобраз Ганны з "Палескай хронікі" Івана Мележа

ПераказыПрыгажуня

Іван МележІван Мележ - Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна...