Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Галасы вясны

   Перад маім акном на доўгай жардзіне прымацавана шпакоўня, і я заўсёды любуюся дамавітасцю, гаспадарлівасцю птушак – насельнікаў гэтай хаткі.
   Вясной з выраю першым прылятае ён, шпак. У гэту пару ён вельмі прыгожы: чорныя, з сінім адлівам пёркі, шэрая дзюбка на цёмным фоне, зграбная пастава. Па-гаспадарску агледзіць жыллё, выкіне смецце і нацяганае вераб’ямі за зіму пер’е. Потым усядзецца на дрэве, завядзе вясёлую песеньку. Наспяваецца – і зноў за працу. А працы ў яго заўсёды шмат.
   Пасля прылятае самачка, сціплая і менш яркага колеру. Убачыўшы яе, шпак узмахвае крыллем, заўзята свішча, скача па галінках. Калі сяброўка прысядзе на галінку суседняга дрэва, кавалер стараецца з усіх сіл ёй спадабацца. То шмыгне ў шпакоўню і высуне з лятка галаву, то зляціць на зямлю, схопіць якуюсьці саломінку ці пушынку і нясе ў домік, нібыта каб паказаць, які ён працавіты, руплівы. І неўзабаве ў абодвух пачынаюцца агульныя веснавыя клопаты.
   А вакол віруе, кіпіць жыццё. З паднябесся льюцца спевы лясных жаваранкаў. Прылятаюць берасцянкі і дразды – таксама першакласныя спевакі. Берасцянкі звычайна пяюць з самага ранку, а дразды – на вячэрняй зорцы. Пабывайце ў лесе ў пачатку красавіка! Вы не пашкадуеце! Перад захадам сонца ці ў ранішнія часы пачуеце незабыўны канцэрт, выканаўцы якога ўсё лясное птаства –  берасцянкі, дразды, сінічкі, заранкі, салаўі.
   Кожны новы дзень вясны дорыць новыя галасы. Дзесьці чуюцца посвісты попаўзняў. Зацёхкае ў гаі ці ў даліне ракі салавей. Зайграе, быццам на флейце, івалга. Прагучыць сакаўная мелодыя слаўкі-чорнагалоўкі. А калі кроны дрэў апрануцца ў зялёнае ўбранне, у маладым бярэзнічку можна пачуць кароткі пошчак пеначкі.
(245 слоў)

(Паводле Р. Хацкевіча)

 

Похожие статьи:

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

ПераказыПтушкі шчасця

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча