Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гадзіннік-пераможца

   Любіць Віталік гасцяваць у свайго дзядулі Рыгора, які жыве ў маляўнічай вёсачцы Янавічы. Вялікай славутасцю свяцёлкі (так дзядуля называе сваю залу) з’яўляецца насценны гадзіннік у дубовым жоўта-карычневым корпусе з прамавугольнымі шкельцамі. Гадзіннік той ніколі не даваў збою. Толькі раз у год дзядуля змазвае некаторыя яго часткі алеем ды выцірае пыл з механізма. Бабуля і дзядуля называюць гэты гадзіннік пераможцам. Аднойчы стары расказаў унуку, чаму гадзіннік атрымаў такую дзіўную назву.
   Было гэта ў канцы вайны. Шаснаццацігадовы Рыгор, які ўжо два гады партызаніў, быў накіраваны ў разведку. Людзі казалі, што ў Янавічах спыніўся нямецкі батальён. Але высветлілася, што ў вёсцы знаходзіцца не батальён, а толькі каля дзясятка немцаў. Рыгор вырашыў зайсці да бацькоў і пашыбаваў агародамі да сваёй хаты. Са зброі ў хлопца быў адзін нямецкі рэвальвер.
   Прыйшоў да сваіх, маці дранікі смятанай казінай заправіла і частуе сына. Бацька пайшоў у дрывотню, дзе быў схаваны ад ворагаў славуты гадзіннік, які ад перападу тэмпературы мог сапсавацца. Прынёс бацька гадзіннік у хату, закруціў ключом яго спружыну і ўжо хацеў павесіць на сцяну, але глянуў у акно і ледзьве не абамлеў. Два немцы з аўтаматамі на плячы крочылі ў двор.
   Маці хутка схавала сына за занавеску, што вісела ля печы. А бацька з гадзіннікам кінуўся ў кут за абедзенны стол, скінуў з сябе пінжак і прыкрыў каштоўную рэч.
   Увайшлі немцы, пачулі пах дранікаў і зацмокалі вуснамі. У аднаго салдата была нейкая торба, пашытая з зялёнай тканіны. Немец зняў гэтую торбу і павесіў на жалезны кручок ля ўваходных дзвярэй. Аўтаматы салдаты паклалі на лаўку побач з сабой, а самі хуценька селі за стол, лыжкі ў рукі і давай упісваць нашы беларускія дранікі.
   З апетытам немцы даелі дранікі да сярэдзіны гаршка. Вочы ў іх ад ежы нават пасалавелі. I раптам гадзіннік, які стаяў у кутку за сталом і быў накрыты пінжаком, пачаў адбіваць поўдзень. Відаць, гадзіннік застаяўся за час вайны, а бацька яшчэ не паспеў змазаць механізм алеем. Таму гук аказаўся такі спецыфічны і моцны, што здалося, быццам нешта стрэльнула.
   Нямецкія салдаты ўскочылі з-за стала, вочы іх на лбы выкаціліся, твары пабялелі. Схапілі яны аўтаматы і за дзверы. А гадзіннік за сталом бахае ўсё гучней. "Пэўна, насумаваўся за вайну, а тут у яго голас прарэзаўся", – казаў пасля Рыгораў бацька.
   Немцы і пра торбу сваю, што вісела каля дзвярэй, забыліся. А там аказаўся перламутравы гармонік! Стаіць Рыгор у напружанні за занавескай, рэвальвер у руках нават запацеў. Гадзіннік адбіў поўдзень і змоўк, а замест яго "Барыня" на гармоніку загучала. Гэта бацька святкаваў перамогу на сваім трафеі і радаваўся: "За паўгаршка дранікаў набыў такую рэч! Шкада, што не паспеў нямецкі аўтамат прыхапіць. Дзякуй нашаму гадзінніку! Немцаў так напужаў, што, пэўна, заікамі сталі і памчалі без аглядкі да свайго Берліна!"
   Пасля аповеду дзядуля Рыгор палез у шафу, дастаў той самы перламутравы нямецкі гармонік і накіраваўся да гадзінніка, іграючы "Дзень Перамогі".
(460 слоў)

Паводле К. Нілава.

Похожие статьи:

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Дарога праз лес

Іван ШамякінІван Шамякін - Алёша-разведчык

Пераказы, дыктантыВыратаванне курэй

Сучасная літаратура БеларусіТэма Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе

Пераказы, дыктантыПраўда-памяць