Лета набліжалася да свайго апагея. Сонца прачыналася ўсё раней, дзень выпрастаўся ва ўвесь рост. На заліўной пойме Бесядзі ў пояс падняліся травы: серабрыста-зялёныя таўкачыкі лісахвосту і ружавата-фіялетавыя венічкі мятліку схіляліся пад цёплым ветрыкам, бялелі духмяна-мядовыя шарыкі дзяцеліны, зелянела густая воўна мурагу. Па нізінах цвілі, жоўтымі вочкамі глядзелі на сонца люцікі, а курганы ружавелі смолкамі, буйнымі кветкамі чырвонай канюшыны. Усімі колерамі вясёлкі зіхацеў, пераліваўся дыван, якім прырода ўкрыла сенажаць.
А які водар плыў над ваколіцай, калі высыхала раса! Блізкі лес дыхаў казытлівым водарам суніц, таямнічым пахам першых лісічак, што высыпалі пад маладым ельнічкам. Гэта быў чароўны настой, які не можа зрабіць нават самы лепшы лекар-зельнік.
Вяскоўцы, звыклыя да гэтых кветак і іх пахаў, не часта любаваліся імі, яшчэ радзей рабілі з іх букеты. Яны дыхалі гэтым спрадвечным водарам, як іхнія дзяды і прадзеды, не заўважаючы яго.
Стаяла гарачае, зыркае сонца. Жоўтая пліска трывожна цінькала ў кустах – мабыць, дзесьці паблізу збудавала сабе гняздо. На кветках дзяцеліны шчыравалі пчолы, дзынкалі, кружылі цёмна-бурыя чмялі, запыленыя пылком, нібы млынары мукой.
Вакол віравала жыццё.
(170 слоў)
Паводле Л. Левановіча
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Шчаслівая ўсмешка лета
Пераказы, дыктанты → Летам у бары
Якуб Колас → Якуб Колас - Лета
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Лета
Максім Багдановіч → Максім Багдановіч - Плакала лета, зямлю пакідаючы...