Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Вячэра на паравозе
Варыянт 1 (241 слова)
Станцыя невялікая, таму праца на паравозе пераважна ўдзень. А калі замігцяць семафоры і месяц абалье рэйкі сярэбраным святлом, тады ў машыніста Андрэя настае адпачынак. Стары дастае з куфэрка, што схаваны за тормазам, шчарбаты чайнік, налівае яго вадою і, калі гараць яшчэ дровы, прымайстроўвае чайнік ля топкі. Потым старанна выцірае запэцканыя чорныя рукі, дастае ручнік, пракопчаны кавалак мыла і ідзе да вадакачкі. Прывёўшы ўсё да парадку, Андрэй садзіцца на сукаваты чурбак перад топкай і моўчкі чакае вячэры. Хутка чайнік пачынае выказваць адзнакі непакою: падскоквае накрыўка, нос пускае гарачыя пырскі, увесь чайнік пачынае трымцець, як у той ліхаманцы. Ледзь прыкметная ўсмешка прабягае па шчаціністым твары Андрэя. Такім жа манерам, як чайнік, прымайстроўваецца патэльня з салам. Тут ужо Андрэй робіцца весялейшым, бо больш работы: трэба круціць, пераварочваць, бо як не даглядзіш, дык перапячэцца.
Ад печанага сала па ўсіх лініях разносіцца прыемны пах. Да таго прыемны, што дзяжурны стрэлачнік, пацягнуўшы носам, перадумаў ісці дахаты, а стаў неяк дужа старанна праціраць ліхтар. Вось некалькі рамонтных рабочых, якія летам звычайна начуюць на станцыі, як па камандзе, павялі насамі і ўтаропіліся ў паравоз.
У госці да Андрэя збіраецца цэлы гурт моладзі. Ён частуе хлопцаў. Хутка да кампаніі далучаецца стрэлачнік, заходзіць на аганёк пуцявы абходчык Антон. Бразнуўшы на зямлю торбу з інструментамі, ён лезе на прыступкі і кажа: «Дзень добры».
Андрэй корпаецца ў топцы, дастае вугаль, кідае яго з далоні на далонь, здзьмухваючы попел.
А за паравозам стаіць ціхая ноч і мігцяць пад месяцам рэйкі-стужкі.
Варыянт 2 (158 слоў)
Станцыя невялікая, таму праца на паравозе пераважна ўдзень. Калі замігцяць семафоры і месяц абалье рэйкі сярэбраным святлом, тады ў машыніста Андрэя адпачынак. Стары дастае з куфэрка, што схаваны за тормазам, шчарбаты чайнік, налівае ў яго ваду і прымайстроўвае чайнік ля топкі. Потым старанна выцірае запэцканыя чорныя рукі, дастае ручнік, кавалак мыла і ідзе да вадакачкі. Прывёўшы ўсё да парадку, Андрэй садзіцца на сукаваты чурбак перад топкай і моўчкі чакае вячэры. Хутка чайнік пачынае выказваць адзнакі непакою, увесь трымціць, як у той ліхаманцы. Такім жа манерам, як чайнік, прымайстроўваецца патэльня з салам. Тут ужо Андрэй робіцца весялейшым: трэба круціць, пераварочваць, бо як не даглядзіш, дык перапячэцца.
Ад печанага сала па ўсіх лініях разносіцца прыемны пах. Да таго прыемны, што дзяжурны стрэлачнік, пацягнуўшы носам, перадумаў ісці дахаты. У госці да Андрэя збіраецца цэлы гурт моладзі. Хутка да кампаніі далучаецца стрэлачнік, заходзіць на аганёк пуцявы абходчык Антон.
А за паравозам стаіць ціхая ноч, мігцяць пад месяцам рэйкі-стужкі.
Паводле М. Лынькова