Вясна прыйшла неяк раптоўна. З вечара снег мацаваў даволі востры марозік, і нельга было падумаць, што ўсё рушыцца раніцаю. Сонца, ахутанае шэраю смугою, нясмела і ленавата ўставала з-за лесу, і здавалася, што яму не хочацца прачынацца. А калі ўзнялося ўгору сажні на тры над лесам, усё змянілася. Шэрань знікла, як бы яе і не было, а сонца расплюшчыла шырока вочы ды глянула на палі вакол, і ўсё скрозь закіпела: снег адруз, з узгоркаў памчалі ручаіны. На рэчцы ледзяныя брыжы пачалі адставаць ад берагоў. З поўдня паказаліся чорныя плямы на схілах узгоркаў. Над імі ледзь прыкметна падымалася белая пара. Можна было падумаць, што зямля варушыцца і моцна ўздыхае пасля доўгага зімовага сну. Высозны кран на будаўніцтве маркотна падымаў сваю доўгую стралу, паглядаючы далёка за лес, адкуль плылі цёплыя веснавыя вятры. Яму ўжо не было чаго рабіць, а ён не прывык прастойваць без работы.
(142 словы)
Паводле П. Броўкі
Похожие статьи:
Пераказы → Гуканне вясны
Пераказы → Сустрэча вясны
Пераказы → Прыход вясны
Пераказы → Абуджэнне (Паводле Я. Коласа)
Якуб Колас → Якуб Колас - Вясна