Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вянкі на вадзе

   Каля вогнішча ў акружэнні хлопцаў стаяў здаравяка і смяяўся. I гэты звонкі, як ручай у пушчы, смех быў такі шчыры і чысты, што Гражына міжволі глянула ў той бок, і цёплая ўсмешка сагрэла вусны.
   Над любым здаравенным дзецюком ён узвышаўся, як дуб узвышаецца над падлескам. Нават самыя рослыя, самыя дужыя ля яго здаваліся хлапчукамі.
   Залатая свавольная грыва, схопленая срэбным абручыкам, адкрытае мужнае аблічча, шырокія грудзі і ўся постаць яго дыхалі такой нязведанай сілай, што сэрца Гражыны падскочыла і абарвалася, салодкая цеплыня паплыла па ўсім целе, ногі падагнуліся, яна села ў траву і ледзь не выпусціла вянок.
   А звалі таго волата Януком, і быў ён з роду муралёў. Так у даўнейшыя часы называлі людзей, якія муравалі замкі, палацы ды храмы. Хоць і малады быў Янук, але грымела пра яго слава як пра вялікага майстра.
   Усім узяў Янук: і ростам, і розумам, і голасам, і воласам. Як кажуць, лёс для ўсіх нёс, ды аднаму насыпаў. Дзяўчаты заглядаліся на яго, а ён толькі смяяўся ды жартаваў з імі. Прыехаў у Гародню нядаўна, казалі, ажно з самага Полацка. Расказвалі, што сам князь гародзенскі пісаў грамату князю полацкаму, каб дазволіў той Януку змураваць у Гародні храм на славу люду тутэйшаму.
   I вось Янук са сваімі хлопцамі гуляў пакуль што, бо чакалі адпаведную квадру месяца. А трэба сказаць, што ў тыя часы ніводная важная справа не пачыналася без адпаведнай квадры, нават хлеб замешвалі ў пэўны час, можа, таму і не чарсцвеў ён за адзін дзень.
   Прыйшла пара вянкі ў Нёман кідаць, сваіх нарачоных выглядаць.
   Спачатку хлопцы свае пускалі, а потым ужо дзяўчаты. Янук ці то жартам, ці то жадаючы паказаць, што ў яго ўжо ёсць нехта, закінуў свой вянок ледзь не на сярэдзіну Нёмана. Разам з дзяўчатамі кінула на ваду свой вянок і Гражына. Закружылася, паплыла па Нёмане чарада каляровых колцаў.
   I нечакана нейкі імклівы струмень нёманскай плыні выбіў вянок Гражыны з агульнай чарады і пагнаў яго на сярэдзіну ракі. Янук ажно на камень узлез, каб угледзець, сыдуцца вянкі ці не, але яны так і зніклі з вачэй.
   – Гэй, дзяўчаткі, – празвінеў яго голас. – Чый гэта вянок на сярэдзіну панесла? Хто мая нарачоная?
   У многіх дзяўчат сэрцы замлелі: так хацелася сказаць запаветныя словы, толькі лгаць у тыя часы не ўмелі, і над лугам панавала маўчанне. Януку стала не па сабе, ён аж разгубіўся ад такой неспадзяванасці.
   – Даскакаўся, – пажартаваў адзін хлопец. – Аказваецца, не надта ты каму і патрэбен. Будзеш ведаць, як з гародзенскіх дзяўчат насміхацца.
   Янук усё яшчэ стаяў на сваім камені. Такі вялікі, ён быў падобны да дзіцяці, якому паабяцалі расказаць страшную казку і замест гэтага загадалі класціся спаць.
   Дзяўчаты са здзіўленнем азіраліся адна на адну: «Хто ж гэта маўчыць? Хто ж гэта мучыць такога хлопца?»
   I Гражына не вытрывала, пашкадавала Янука.
   – Мой гэта вянок, – сказала дзяўчына, нібы кінула выклік.
(456 слоў)

Паводле П. Ламана.