Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Выратаванне курэй

   Жыў у вёсцы Якаўлевічы вясёлы дзядуля Рыгорка. Людзі называлі яго артылерыстам, бо дзед служыў у царскі час у артылерыі, быў наводчыкам. Часта паўтараў стары такую прыказку: "Калі кепска, калі горка, дык заходзьце да Рыгоркі".
   Любімай справай у дзеда Рыгоркі і бабулі Марылі, яго жонкі, было развядзенне дэкаратыўных курэй. У іх гаспадарцы былі і чубаткі, і гарлаткі, і маленькія, і вялікія. А колеры – залюбуешся! Пеўні з сіня-чорнымі хвастамі-сярпамі. Крылы чырвоныя, пяро на гарлавіне пераліваецца, быццам бісер. А яйкі курыныя якія: і жоўтыя, і белыя, і шэрыя! Жаўткі як поўня ў вясенні месяц.
   Сядзіць дзед на лаўцы, падкідае з кішэні ячмень і любуецца птушкамі.
   – Гэта Пятруха, мой генерал! Паглядзіце, якія ў яго шпоры, грэбень! А хвост – гэта ж тры шаблі султана турэцкага!
   Вясковыя хлапчукі таксама назіраюць за шматколерным дзівам, бо ў іх саміх на двары адны куркі-рабкі, нават белых няма.
   У той дзень немцы з’явіліся ў вёсцы нечакана. Тоўсты афіцэр у шырокім чорным галіфэ і начышчаных да люстэркавага бляску хромавых ботах важна крочыў па ганку калгаснага клуба. Чакаў, пакуль па яго загадзе збяруць на сход вяскоўцаў. За гэты час немец выпіў з дзясятак курыных яек.
   Калі каля клуба салдаты сабралі амаль усіх дарослых, афіцэр прайшоўся каля натоўпу і аб’явіў:
   – Мы, немцы, прыйшлі сюды, каб вызваліць вас ад бальшавікоў. Вы будзеце працаваць у калгасе на вялікую Германію.
   I тут раптам хлапчукі, якія стаялі каля агароджы, закрычалі:
   – Немцы курэй нашых ловяць!
   А здарылася вось што. Пакуль ішоў гэты прымусовы сход вяскоўцаў каля клуба, частка немцаў кінулася па дварах лавіць курэй і набіваць імі мяшкі. Зразумела, бяда не абышла і двор дзеда Рыгоркі, яго "знакамітых" курэй. Рыгорка, зняважаны такімі нахабнымі дзеяннямі немцаў, памчаў па задворках, дзе пад страхой яго лазні была прыхавана старая стрэльба. Бабуля Марыля кінулася за дзедам і павісла ў яго на руках.
   I тут стары заўважыў, што мяшкі з курамі салдаты складваюць каля яго хаты. Немцы, упэўненыя ў сваёй беспакаранасці, прыносілі набітыя курамі мяшкі і не вартавалі іх. Дзед схапіў касу, выслізнуў з абдымкаў бабулі Марылі, прыгнуўся амаль да зямлі і рвануў да мяшкоў.
   Прайшло некалькі хвілін, і напужаныя куры, як пералётныя птушкі, падняліся над распаласаванымі вострай касой мяшкамі і паляцелі ў бок калгаснага ячменнага поля. За імі памчаўся дзед Рыгорка.
   Калі немцы падагналі грузавік, каб закінуць туды курэй, дык убачылі толькі распаласаваныя мяшкі. Разгубленыя салдаты мітусіліся, хапаючыся то за зброю, то за мешкавіну.
   Раптам прыбег нейкі салдат і штосьці крыкнуў. Немцы хуценька ўскочылі ў грузавікі, махаючы ў паветры аўтаматамі, і памчаліся з вёскі.
   Калі аб усіх абставінах гераічнага выратавання курэй даведаліся людзі, то ўвечары ўсёй вёскай пацягнуліся ў двор дзеда Рыгоркі. Той са статкам хахлатак якраз вярнуўся з калгаснага поля.
   – Рыгор Захаравіч – сапраўдны герой! – казалі людзі. – Усю вёску ад голаду выратаваў!
   Бабуля Марыля падала дзеду Рыгорку, які стаў мясцовым нацыянальным героем, святочную кашулю, вышытую валошкамі.
   – Мы, артылерысты, гэтых немцаў у былую вайну так білі, што ад іх толькі пер’е ляцела, як сёння ад вашых курэй! – з гонарам прамовіў дзед Рыгорка.
(481 слова)

Паводле К. Нілава.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыГадзіннік-пераможца