Восень... Пара адцвітання. Колькі красы, колькі ціхага хараства ў тваім задуменні! Хіба ж не хараство гэтая кволая, празрыстая пазалота, гэты апошні ўрачысты ўбор царыцы-прыроды? Хіба не могуць цягнуць да сябе твае вольныя абшары, твае ясныя далі, што абуджаюць чалавека нейкімі дзіўнымі парываннямі, акрыляюць, узнімаюць яго і завуць у чароўныя, нязведаныя краіны?
А светлыя дзянькі часамі з’яўляюцца, як ласкавая ўсмешка на твары старога, і ажыўляюць усё наваколле. Хіба не варты яны тых шчодрых праменняў, якія жменямі раскідае нам вясна і якіх мы часамі нават не прыкмячаем, таму што іх многа.
І хто можа забараніць шчыра і моцна любіць цябе, самотная восень!
Восень жыцця чалавека... Хіба не маеш і ты сваіх, толькі табе ўласцівых прываб? Хіба мала хараства ў гэтым адцвітанні душы, у гэтым пакорным развітанні з уцехамі маладосці?
Я любіў восень. Яна заўсёды навявала нейкі ўзняты настрой, напінала да дзіўнай напружанасці і пявучасці струны душы. Я працінаўся бадзёрасцю, натхненнем, прагнасцю да жыцця.
(151 слова)
Паводле М. Зарэцкага
Похожие статьи:
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Казкі жыцця
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Бяссмерце
Максім Багдановіч → Максім Багдановіч - Жывеш не вечна, чалавек...
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - Дзяцінства пачынаецца з пытання...
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Жыцце