Вобраз збіральніка вуснай народнай творчасці ўзнік у мяне невыпадкова, асабліва калі я пазнаёміўся з жыццём і тытанічнай, самаадданай працай такіх збіральнікаў, як Сербаў, Федароўскі, Раманаў, Шэйн, Сержпутоўскі... Якія гэта былі апантаныя людзі! На спадарожных фурманках, пяшком, дзе на чоўне, а дзе і па кладках дабіраліся яны ў самыя аддаленыя, глухія куточкі Беларусі і збіралі, запісвалі ўсё, што толькі здавалася ім вартым, уяўляла каштоўнасць. Дзякуючы гэтым людзям, мы маем сёння такое багацце, якога не мае ні адзін народ. І мне хацелася ў вобразе Несмяловіча паказаць гэтых людзей, іх шчырую і неацэнную працу дзеля будучыні, Радзімы. Хацелася паказаць і даўнія нашы беларускія вёскі, якія жылі, асабліва на Палессі, аддзеленыя адна ад адной балотамі, лясамі, рэкамі, нібы самастойныя дзяржавы, кожная са сваім жыццём, кожная са сваёй мовай, сваімі песнямі, казкамі, звычаямі. Словам, чым больш я думаў пра Несмяловіча, тым больш упэўніваўся, верыў: такі вобраз павінна мець наша літаратура, павінна стварыць яго. І я ствараў, праўда, найбольш, калі можна так сказаць, у чарнавым пакуль што варыянце – у галаве. За прывабнай, прыгожай знешнасцю паступова вымалёўвалася не менш прывабная ўнутраная сутнасць гэтага чалавека, яго страсная любоў да Беларусі, тых людзей, што насяляюць гэты край. Набываў Несмяловіч і чыста чалавечыя рысы. Я ўжо бачыў, як ён заходзіць у вясковую хату – не брудную, непадмеценую, закопчаную і задымленую (такія на Палессі калі і сустракаліся, дык толькі ў неахайных гаспадароў), а чыстую, светлую, з пабеленымі сценамі, моцнай смалістай падлогай. Бачыў, як ён вітаецца, гаворыць, пра што распытвае, што хоча ведаць. Я чуў яго голас, лагодны, мяккі, з крышку нетутэйшым слуцкім вымаўленнем, адзначаў для сябе характэрныя выразы твару, рухі... Словам, Несмяловіч паступова рабіўся жывым чалавекам, набываў тое, што ўласціва асобе, індывідуальнасці.
(270 слоў)
Паводле Б. Сачанкі