Надзея Іванаўна ўключыла прыёмнік. Абазваліся, тонка запелі струны. Вольна паліўся мужчынскі голас, журботны і адначасова нейкі суровы. Заспяваў пра роднае поле.
У песні была шчымлівая туга па далёкіх палях, высокая любоў да іх чалавека, які даўно расстаўся з родным кутам і цяпер памяццю дзяцінства і юнацтва часта вяртаецца туды, блукае па яго палявых разлогах.
Надзея Іванаўна суцішылася. Кранула, відаць, гэта чалавечая споведзь.
Поле... Любіць і яна сваё роднае поле, бо мае найвялікшае права на любоў да яго. Усё жыццё звязана з ім. Тут жылі, здабываючы хлеб надзённы, яе дзяды і бацька. Тут, на гэтай бацькоўскай зямлі, жыццём і працай сваёй яна працягвае іх адвечную справу. Поле іх жывое і вечнае.
Назаўтра яна выйшла на гасцінец. Пад пагоркам бялела высокая фігура воіна-вызваліцеля. Схіліў салдат галаву, прыхінуўся да мемарыяльнай дошкі з прозвішчамі мясцовых людзей, што загінулі ў апошнюю вайну. І чамусьці зноў прыйшла на памяць учарашняя песня.
(145 слоў)
Паводле М. Вышынскага
Похожие статьи:
Пятрусь Макаль → Пятрусь Макаль - Поле, поле...
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Поле
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Духмянае дзіва
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Галасы поля
Пераказы, дыктанты → Жніво