Алесь сядзеў у крэсле і чытаў кнігу, калі за акном пачуў карканне вароны. Каго-каго, а варон у вёсцы хапае, але гэта быў не проста крык, а цэлы лямант, з якога часам пачынаюцца самыя сапраўдныя бойкі.
Хлопец адклаў кнігу, падышоў да акна, каб зірнуць, што там робіцца, і ўбачыў на сваім надворку не адну, а дзве вароны – старую і маладую, перад якімі ляжала хлебная скарынка. Якраз у гэты момант маладая варона, пэўна ж, дачка, зноў некалькі разоў патрабавальна каркнула, пасля чаго адразу ж сцішылася ў чаканні з шырока раскрытай дзюбай. Было няцяжка здагадацца: гультайка хоча, каб варона-маці яе пакарміла хлебнай скарынкай. Але, па ўсім відаць, тая лічыла, што дачка і сама ўжо справіцца з такой работай, і толькі круціла галавой: маўляў, ох і распесціла я цябе на сваю галаву! У народзе кажуць: лепей позна, чым ніколі. Пэўна, і птушкам знаёма гэта мудрасць. І калі маладая варона зноў закаркала, старая ўзяла ў дзюбу хлебную скарынку і шпурнула яе далей ад сябе.
Абедзве вароны кінуліся да спажывы. Старая ці не знарок прыпазнілася, спадзеючыся, што дачка схопіць скарынку. Дзе там! Тая ўзняла такі гвалт каля хлеба, хоць вушы затыкай. Аднак і варона-маці ў сваім навучанні аказалася на дзіва цярплівая. Зноў паляцела скарынка, зноў за ёй кінуліся птушкі.
Ды тут усё сапсавала гаспадыня надворка – пярэстая кошка, якая выскачыла з сенцаў.
Маладая варона, не раздумваючы, узмахнула крыламі і праз хвіліну схавалася за дахам суседняй хаты. Старая ж спачатку папераджальна каркнула на ўвесь надворак, схапіла ў дзюбу хлеб і толькі пасля гэтага кінулася даганяць дачку.
(248 слоў)
Похожие статьи:
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая
Пераказы → Птушкі шчасця
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча