Толькі патухне на небе апошняя зорка, толькі паспее разысціся цемната кароткае ночы і чырвоным пажарам загарыцца край неба на ўсходзе, вёска прачынаецца. Шум і трывога дня пачынае памалу ўваходзіць у сваю каляіну. Па вуліцы ўжо ідзе пастух з доўгаю пугаю на кароткім пугаўі, з торбаю, перакінутаю цераз плячо.
Скрыпяць у хлявах вароты, мыкаюць каровы, бляюць авечкі. Пастух ляскае пугаю, наганяе страх на сваіх належных: кароў, авец і свіней. Бабы з заспанымі тварамі спяшаюцца выганяць на вуліцу сваю жывёлу. Уся вуліца аж гаворыць ад рыкання валоў і бляяння авец. Доўгая чарада жывёлы цягнецца па ўсёй вуліцы, падымае цэлую хмару пылу.
Заскрыпелі калодзезі, і бабы з каромысламі і вёдрамі ідуць па ваду. Чуцен іх борзды і моцны говар і смех. Тонкімі, роўнымі слупкамі падымаецца белаваты дымок з комінаў і разліваецца ў небе клубочкамі, і пераліваецца ў першых промнях сонца.
(138 слоў)
Паводле Я. Коласа