Ён іграў пра каханне. Толькі вось пра якое – былое ці будучае, – Андрэй не ведаў. І ведаць нават у гэтыя хвіліны не хацеў. Падпёршы далонню шырокі лоб, уздыбіўшы цёмныя віхрастыя валасы з прыкметнай сівізной, ён слухаў музыку. У гуках яе спляталіся чаканні і стрэчы, абдымкі і прызнанні, яшчэ і сваркі, і надзеі, і крыўды, і дараванні…
Музыка, то спакойная і плаўная, то выбуховая і вірлівая, сцінала душу, вырывала яе з грудзей, спрабавала аднесці кудысь далёка-далёка і зноў вяртала назад, у тленнае цела, быццам пераконваючы, што яна служыць чалавеку, але не заўжды падуладная яго жаданням і летуценням. Нават самым запаветным, ужо амаль спраўджаным.
Прыжмурваючыся, хаваючы вільготную павалоку зеленаватых вачэй, Андрэй слухаў захапляльную музыку з асалодаю і цікавасцю, з прагай узляцець. Усё роўна як, на чым, але ўзляцець… Ды нечакана ўсё змянялася разгубленасцю і няўцямнай, амаль адчайнай тугою, безвыходнасцю, нібы пад ім пачынала раз’язджацца падлога, расці бяздонная чорная яма, у якую вось-вось праваляцца ўсе і ўсё.
Андрэй слухаў доўга. Наколькі доўга – не ведаў. Час неяк неўпрыкмет растварыўся і перастаў існаваць.
Над старым польскім горадам Быдгашчам займаўся красавіцкі непрацяглы вечар. Па небакраі каціўся вялікі сонечны шар. Ён напалову закрываў ад людскіх вачэй высокія шпілі старадаўніх касцёлаў і зіхатлівае шкло паверхаў сучасных высотных будынкаў. Яго няяркія промні пагойдваліся на вадзе, барванелі на стагадовых цагляных будынках уздоўж набярэжнай, паблісквалі на голым жалезным чалавеку, што на адной назе прысеў на бясконца доўгім канаце.
(226 слоў)
Паводле А. Разановіча