Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пра беларусаў, якія ўмеюць ствараць

   У лістападзе дзве тысячы дваццаць чацвёртага года на вялікія экраны выйшаў доўгачаканы поўнаметражны анімацыйны фільм Алены Туравай "Песня Сірын". Гэта першы 3D-мультфільм ад кінастудыі "Беларусьфільм". Раней наша краіна ўжо бачыла анімацыйныя праекты, створаныя беларусамі, але ж карціну такога фармату мы бачым упершыню.
   У дзве тысячы дзевятнаццатым годзе сцэнарый "Песні Сірын" заняў першае месца на конкурсе на лепшы сцэнарый анімацыйнага фільма сярод маладых аўтараў. Увесь працэс стварэння мультфільма доўжыўся каля чатырох гадоў.
   Прэм’ерны паказ карціны адбыўся на кінафестывалі "Лістападзік". Перад паказам рэжысёр Алена Турава сказала, што фільм быў зроблены з надзеяй на тое, што гледачы звернуць увагу на славянскую культуру.
   Сюжэт мультфільма разгортваецца вакол двух школьнікаў, якія едуць у аўтобусе на лецішча. Але праз сваю памылку выпадкова трапляюць у дзіўны міфічны свет. Яны даведваюцца, што фальклорнага персанажа Купалу скрала птушка Сірын. Выратаваць яго з гэтай пасткі могуць толькі яны ўдвух. Хлопчыкі трапляюць да славянскіх багоў. Ім давядзецца аказаць дапамогу самому Вялесу, а таксама сустрэцца з Перуном і яго жонкай Макош. Школьнікам трэба прымірыць багоў, перамагчы злачынцаў, каб не пахіснулася вялікая сусветная Раўнавага.
   Карціна вучыць дапамагаць сябрам, слухаць сябе і ўмець карыстацца сваёй смеласцю. Яна сапраўды цікавая. Не проста сюжэт дзеля сюжэта, а рэальна захапляльная гісторыя, якой можна натхніцца на вывучэнне славянскай міфалогіі і фальклору.
   А яшчэ гэта шанец убачыць, чаго беларусы дасягнулі ў кінематографе. Старт "Беларусьфільма" ў кірунку стварэння 3D-мультфільмаў даволі моцны. Умеюць жа нашы беларусы ствараць, умеюць!
(232 словы)

Паводле Г. Белай