Папаўненню слоўнікавага складу беларускай мовы за кошт лексікі іншамоўнага паходжання садзейнічала і распаўсюджанне на Беларусі ідэй Рэфармацыі. Успрыняцце гэтай перадавой для таго часу гуманістычнай плыні, цесна звязанай з заходнееўрапейскімі і польскімі рэфармацыйнымі плынямі, было падрыхтавана ўсім ходам сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця Вялікага Княства Літоўскага. Знаходзячы на беларускіх землях усё больш сваіх прыхільнікаў, Рэфармацыя садзейнічала развіццю асветы, навукі, кнігадрукавання, павышала цікавасць адукаваных колаў да антычнай культуры і культурнай спадчыны еўрапейскага Адраджэння. Дзякуючы перакладчыцкай дзейнасці прадстаўнікоў беларускай культуры чытачам Беларусі сталі даступнымі многія творы заходнееўрапейскай мастацкай, навуковай і гістарычнай літаратуры.
Культурны ўздым на Беларусі, выкліканы рэфармацыйным рухам, павялічыў імкненне мяшчанскай і шляхецкай моладзі да набыцця вышэйшай адукацыі. Паколькі ўласных вышэйшых навучальных устаноў у Вялікім Княстве Літоўскім да другой палавіны шаснаццатага стагоддзя не было – першы ўніверсітэт быў адкрыты ў тысяча пяцьсот семдзесят восьмым годзе ў Вільні, на базе езуіцкай калегіі, – маладыя людзі накіроўваліся па ўніверсітэцкія веды ў заходнія краіны. Гэта падтрымлівалася і тагачасным заканадаўствам.
Традыцыйнымі цэнтрамі навучання ўраджэнцаў Вялікага Княства Літоўскага былі Кракаўскі, Падуанскі, Пражскі, Балонскі, пазней Вітэнбергскі, Лейпцыгскі, Кёнігсбергскі, Лейдэнскі, Нюрнбергскі і іншыя ўніверсітэты Еўропы. Большая частка беларусаў атрымлівала ўніверсітэцкую адукацыю ў Кракаве. Там, па архіўных даных, толькі зарэгістраваных студэнтаў з Літвы і Беларусі налічвалася дзвесце дваццаць дзевяць чалавек.
Універсітэцкая адукацыя, якую беларусы атрымлівалі за мяжой, пастаянныя кантакты з прадстаўнікамі заходнееўрапейскай культуры і навукі павышалі інтэлектуальны ўзровень грамадства, павялічвалі ў краіне колькасць знаўцаў замежных моў. Гэта спрыяла пранікненню іншамоўнай лексікі ў беларускую мову.
Беларусы на працягу сваёй гісторыі сутыкаліся з прадстаўнікамі іншых народаў. Зносіны насельніцтва беларускіх зямель, як і рускіх, і ўкраінскіх, з цюркскімі народамі пачаліся ўжо ў старажытнарускую эпоху ў выніку сутыкнення з мангола-татарскімі ордамі. Праўда, на раннім этапе цюркска-ўсходнеславянскіх моўных кантактаў цюркскі лексічны ўплыў адбіўся ў першую чаргу на старажытнарускіх дыялектах. Яны ляглі пасля ў аснову старарускай мовы.
(288 слоў)
Паводле А. Булыкі