З самага рання гучыць у Віцькі ў вушах аднастайная песенька ластавак.
Птушкі зляпілі сабе гняздзечка пад страхою той прыгрэбкі, дзе Віцька сягоння начаваў. Яны шчабяталі раз-пораз. Спачатку Віцьку снілася, што нехта падвесіў над ім тыя глушакі, што некалі пан надзяваў свайму рысаку на шыю. Вісяць гэтыя глушакі над галавою ды ўсё шумяць і шумяць. Потым пачулася, што нібы гэта бабка гамоніць. Ды так хуценька, так дробна гамоніць, што аж нельга нічога разабраць.
Ад гэтага Віцька і прачнуўся. Праз вузкія шчыліны паміж дыль, з якіх былі складзены сцены прыгрэбкі, свяціў ранні прамень сонца. Над страхою шапацела асіна. Яна заўсёды нешта шэпча. Іншы раз, здаецца, і ветру няма, а яе лісце ўсё дрыжыць і дрыжыць.
Віцька глядзеў на праворных, вітлявых птушак. На іх сівое гняздзечка, падобнае да сухой грудкі зямлі, і ўспамінаў, як некалі бабка пераказвала яму гэтую песеньку і падладжвала свой голас пад ластаўчын. Мусіць, таму і саснілася цяпер, што гэта не птушкі пяюць, а гамоніць яго бабка.
І нават ідучы ў школу, Віцька думаў пра гэта. Бабкі ўжо даўно няма, памерла, а ластаўкі вясеннім раннем прынеслі ў прыгрэбку яе голас. Здаецца, і цяпер яшчэ чутна яе гаворка. Нібы ластаўчына, нібы яе.
(191 слова)
Паводле А. Кулакоўскага
Похожие статьи:
Пераказы → Жаданыя госці
Пераказы → Ластаўкі
Пераказы → Ластаўчыны домікі
Пераказы → Давяраць крылам
Пераказы → Знаёмае шчабятанне