Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Пазамоўная інфармацыя ў фразеалагізмах
Многім народам вядомы звычай, згодна з якім жаніх уносіць нявесту ў дом на руках, г. зн. пераносіць яе цераз парог. З гэтым звычаем мы сустракаемся і зараз, на сучасным вяселлі, але ўспрымаем яго толькі як выяўленне пачуццяў маладога да сваёй жонкі. У сувязі з гэтым зварот "насіць на руках" ужываецца ў значэнні 'песціць каго-небудзь, празмерна апякаць, балаваць'. Зразумела, што першапачаткова гэты звычай не меў нічога агульнага з балаваннем. Гэта быў сур’ёзны звычай-засцярога: малады пераносіў нявесту цераз парог на руках, каб духі-продкі, якія жывуць пад парогам, не змаглі неяк пашкодзіць маладой пры пераходзе яе ў дом мужа, да іншай сям’і.
Спрадвеку парог уяўляўся людзям вельмі важным месцам, якое прыраўноўвалася да значэння печы ў хаце. Паколькі душы памерлых продкаў знаходзіліся менавіта пад парогам, то са старажытных часоў верылі: з чалавекам, які спатыкаецца аб парог, здарыцца непрыемнасць; гасцей трэба сустракаць, выходзячы за парог; нельга вітацца праз парог, каб не пакрыўдзіць гэтым продкаў.
У шматлікіх звычаях адлюстравалася роля парога як часткі і ўвасаблення ўсяго дома. Трэсачку ад роднага парога бралі з сабой, каб лягчэй было ў чужым краі, каб памятаць пра дом. У дзень першага выгану жывёлы на пáшу гаспадыня карміла жывёлу з прыполу на парозе хаты, каб карова заўсёды знаходзіла дарогу дадому. Для гэтага ж карову кармілі з пячной зáсланкі, каб яна "памятала" пах свайго вогнішча. Каляднікі, заходзячы ў хату і жадаючы гаспадарам добрага ўраджаю ў новым годзе, спачатку сыпалі зерне на парог, а ўжо потым – па ўсёй хаце.
Злыя людзі – ведзьмакі і чараўнікі – таксама выкарыстоўвалі парог у сваіх мэтах: калі яны жадалі наслаць на каго-небудзь хваробу, то абсыпалі парог гэтага чалавека "нагаворанай" соллю, г. зн. соллю, над якой рабілі замову. Дарэчы, адно са значэнняў слова насаліць – 'нашкодзіць, зрабіць непрыемнасць каму-небудзь' – звязана з прыёмам чараўніцтва.
З архаічнымі ўяўленнямі пра парог звязана і прыкмета-перасцярога: "Ад парога хату не мятуць". Але чаму хату трэба месці да парога? Тут да вядомай ужо нам сімволікі парога дабаўляюцца ўяўленні пра смецце. Згодна з гэтымі ўяўленнямі, смецце, пыл, рэшткі ежы – гэта частка самога чалавека, паколькі ўсё гэта было з ім у датыкненні. Месці смецце да парога – значыць даручаць смецце і самога чалавека ахове парога, г. зн. духам продкаў. Менавіта таму смецце ніколі не выносілі з хаты, асабліва вечарам. Выкінуць, вынесці смецце з хаты – значыць зрабіць вельмі рызыкоўны, нават небяспечны ўчынак, таму што вядзьмак або ведзьма могуць праз выкінутае смецце наслаць на чалавека хваробу або нават выклікаць смерць. Ахоўная роля парога, як ужо адзначалася, прыраўноўвалася да ролі печы, і таму смецце дазвалялася ўкідаць у печ, каб яно "з дымам выйшла".
Рэшткі старажытнага звычаю не выносіць смецце з хаты захаваліся да нашых дзён. І зараз у дзень ад’езду гасцей з дому гаспадары не вымятаюць смецця, не мыюць посуд і падлогу з мэтай перасцярогі, каб нічога не пашкодзіла людзям у дарозе.
Са смеццем звязаны яшчэ адзін прадмет хатняй гаспадаркі – венік. Здавалася б, што ў ім незвычайнага? А ў народных уяўленнях венік – рэч вельмі незвычайная. Успомнім перш за ўсё, што ведзьма, баба-яга заўсёды выкарыстоўвае венік для сваіх паветраных "падарожжаў". Ён з’яўляецца ўвасабленнем стыхіі ветру, віхру, выкліканага ім. У рускіх сялян ёсць цікавы звычай: перад тым як ісці ў сваты, бацька маладога або сват прывязваюць да чаго-небудзь венік, каб ён не выклікаў вецер і не замёў дарогі сватам. У некаторых вёсках на Гомельшчыне і ў нашы дні сяляне падкідаюць угору мётлы і венікі, каб выклікаць вецер, які прыгоніць доўгачаканы дождж.
Адначасова венік выкарыстоўваўся і як перасцярога ад нячыстай сілы і хваробы. Напрыклад, каб дзіця, якое раптоўна ўпадзе, не спужалася, неабходна на тое месца, дзе яно ўпала, тройчы лінуць ваду і расцерці венікам. Для абароны вуллёў ад чужых пчол выкарыстоўвалі асінавыя калкі і венік. У ноч на 1 мая, калі, згодна з народнымі вераваннямі, асабліва актывізуецца нечысць, немцы клалі перад домам на дарогу венік, каб узняты ім вецер замёў дарогу ведзьмам.
А ў зваротах "сядзець як мыш пад венікам", "сядзець як верабей у веніку", г. зн. паводзіць сябе ціха, нерухома, адлюстраваліся ўяўленні пра венік як месца, дзе можа знаходзіцца дамавік – добры дух дома. Выдатны фалькларыст і этнограф А. К. Сержпутоўскі пісаў пра гэтае вераванне: "У хаце разам не павінна быць двух венікаў, бо дамавікі не ўжываюцца ў згодзе, а захочуць дзяліцца". А мыш, як і верабей, у вераваннях народа прыраўноўвалася амаль што да нячыстай сілы. Таму натуральна, што і мыш, і верабей вымушаны паводзіць сябе ціха пад венікам, адчуваючы ўздзеянне дужага і добрага духа – дамавіка.
Такім чынам, як бачым, у моўных адзінках – фразеалагізмах – захоўваецца вельмі важная, цікавая і патрэбная для ўзбагачэння чалавека пазамоўная інфармацыя пра народную духоўную культуру.
(735 слоў)
Паводле У. Коваля