Часам познім летам пачынае хмурнець дзень. І гэта не збіраецца на дождж, а незаўважна падплылі павевы восені. Лёгкая плынь ветру заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам, але ўжо застаецца пячатка летняга адцвітання. У поўнай сіле сваёй цвітуць летнія кветкі, а сэрца чуе, што не так ужо гудзе пчала, і вада ў рэчцы плыве, здаецца, цішэй. Яшчэ ў пачатку ліпеня бывае зжаўцее адзін-адзінюткі лісток на бярозе, і так ён сярод пышнай зеляніны трымаецца доўга. А ў гэты дзень лісток адарвецца і кружыцца ў паветры, пакуль ляжа ў траву.
К вечару пакідае звінець неабдымная шырыня летняга дня, і кладзецца цішыня на зямлю. Жоўты лісток з бярозы ляжыць у траве і відзён здалёку. Без яго не пахнуў бы так чабор, не было б такога вялікага шчасця ў душы бачыць траву і дрэвы, сіратлівы куст шыпшыны і вершаліну высокай хвоі, на якой ціха ляжыць праменне сонца.
Похожие статьи:
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Залатая, асенняя раніца...
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Восень
Ніна Мацяш → Ніна Мацяш - Восень
В → Восеньскія песні
Алесь Салавей → Алесь Салавей - Восень