Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Неглюбскія ручнікі

   У беларускай вёсцы Нéглюбка кожная хата як філіял музея ткацтва з унікальнай экспазіцыяй. Васьмідзесяцігадовая Ганна Шаўцова дастае са старамоднай шафы сапраўдныя творы мастацтва – саматканыя чырвона-белыя ручнікі. Некаторыя з іх – яе равеснікі.
   Яшчэ маці Ганны Аляксандраўны на драўляных кроснах ткала і не думала, што ручнікі захочуць убачыць і купіць за вялікія грошы сотні людзей, што ў пачатку дваццаць першага стагоддзя стануць гэтыя ручнікі культурнай каштоўнасцю. Старадаўнія тканыя неглюбскія ручнікі ёсць у Нью-Ёркскім музеі "Метраполітэн", выстаўляліся ў Манрэалі, Токіа, Парыжы, Бруселі. ёсць неглюбскі ручнік і ў адной з зал ААН.
   Кожны неглюбскі ручнік – імправізацыя. Аднолькавага арнаменту не знойдзеце. Неглюбская традыцыя сёння самая багатая. Усяго на тканых неглюбскіх ручніках зафіксавана больш за сто дваццаць узораў. Аднаму з самых папулярных – каля пяці тысяч гадоў!
   Ды і цяпер без мясцовых ручнікоў немагчыма сабе ўявіць ні адно вяселле. Тут гэта абярэг, які да гэтага часу ўпрыгожвае абразы і сямейныя партрэты ў мясцовых хатах.
   Зараз беларусы хочуць аднавіць амаль страчаныя традыцыі неглюбскага ткацтва. А ткачых, якія памятаюць старое рамяство, яшчэ можна сустрэць. Толькі вось кросны большасці з іх ужо даўно прапісаліся на гарышчы. Узрост бярэ сваё: пальцы не слухаюцца, вочы не бачаць.
   Аднак ёсць маладыя прадаўжальнікі традыцыі. У Неглюбскім цэнтры ткацтва можна ўбачыць за ткацкім станком хлопчыкаў і дзяўчынак. Тут працуе гурток ткацтва.
   На Гомельшчыне разумеюць: каб аднавіць унікальнае рамяство неглюбскіх ткачых, трэба шмат намаганняў. І пачатак ужо пакладзены: у дзве тысячы трынаццатым годзе ў Неглюбцы ўпершыню прайшоў абласны фестываль беларускага ручніка. Пройдзе некалькі дзесяцігоддзяў – і пра неглюбскія ручнікі будуць гаварыць так, як зараз гавораць пра слуцкія паясы.
(254 словы)

Паводле Д. Умпіровіча, А. Стадуба