Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



На радзіме

   Чым бліжэй падыходзіў Кастусь да свайго хутара, тым ясней вырасталі перад ім цёмныя лясы на гарызонце. Некалі гэтыя лясы падступалі да самай Свіслачы.
   На высокім узгорку Свіслацкай пушчы і стаяў адзінокі хутар бацькоў. Прасторны драўляны дом быў акружаны густым старым садам. У садзе раслі пладовыя дрэвы і безліч розных ягадных кустоў, пачынаючы ад маліны і канчаючы шыпшынай. Насупраць дома размяшчалася бацькава ткацкая майстэрня, а побач з ёю ледзь не кожны дзень лапатаў сваімі крыламі высокі вятрак. У ім малоў збожжа не толькі сам гаспадар, але і блізкія ды далёкія суседзі.
   З усіх хутарскіх будынкаў Кастусь найбольш любіў гэты вятрак. Тут заўсёды можна было сустрэць чужых людзей і пачуць свежыя навіны. Ён любіў залазіць па бакавых драбінах на самы верх ветрака і сядзець гадзінамі, з замілаваннем разглядаючы маляўнічую ваколіцу. Адсюль добра відаць былі і бліжэйшыя вёскі, і само мястэчка Свіслач. У ясныя дні ў мястэчку выразна вылучаўся масіўны белы будынак знаёмай яму прагімназіі ў вянку стагадовых ліп і таполяў.
(160 слоў)

Паводле А. Якімовіча