Улетку Усяслаў на чале невялікай, сотня дзідаў, дружыны выправіўся на паўднёвы рубеж саджаць Глеба на менскі сталец.
Ад Полацка плылі ўверх па Дзвіне на ладдзях. Над ветразем праляталі з прарэзлівымі крыкамі кнігаўкі, бакасы. Пад аблокамі луналі, ледзьве варушачы крыламі, буслы. З Дзвіны скіравалі лодкі ў Вулу, грэблі вёсламі ўздоўж абрывістых берагоў, дзе часта чарнелі ямкамі-пячорамі стрыжыныя гнёзды. З Вулы павярнулі ва Усвейку, нізкія берагі якой параслі лазняком ды ракітнікам. Ля вытокаў Усвейкі выцягнулі лодкі на бераг, падклалі пад іх восі з коламі, валаклі да Друці. За поймай Друці цягнуліся сасновыя бары, цёмныя альшанікі. Хуткаплынная Друць прынесла дружыну ў буйны Друцк. Тут жыла амаль тысяча месцічаў. Ля сцен горада віравала буйное торжышча, дзе гандлявалі нявольнікамі не толькі з усёй Полаччыны. У Друцку князі і старэйшыя кметы пераселі на коней, малодшыя пайшлі пешшу.
Прасечаны ў гушчарах тракт, па якім дзве павозкі ледзьве маглі размінуцца, вёў на захад – да замка на выспе пасярод Бярозы-ракі, да Лагожска, схаванага ў нізіне між лясных гор, да замка Няміга на высокай гары на беразе Свіслачы. Ад Нямігі зусім блізка, у дзённым пераходзе, ляжаў Менск на рацэ Менка.
Паўсюль полацкаму валадару і яго дружыне ладзілі шчодры пачастунак. Усяслаў найперш аглядаў умацаванні. Калі меркаваў, што сцены нетрывалыя, біў намесніка па вуху. Калі лічыў, што горад аблогу вытрымае, моўчкі задаволена ківаў.
Глеб суправаджаў бацьку, моўчкі слухаў, пазіраў, а ў самога перад вачыма стаяла матуля. Як жа яна плакала, бедавала, галасіла па ім, калі з’язджаў з Бельчыц! Нібы не на княжанне, а на новую вайну праводзіла… Як жа не хацелася Глебу пакідаць бацькоўскі дом!..
(235 слоў)
Паводле Я. Конева