Снег пацерушыў трохі і перастаў. Вецер за дзень вымеў белую муку, пазаганяў яе па закутках. Яркія белыя палосы толькі дзе-нідзе пярэсцілі на панурых дварах і агародах.
А холад не толькі не адступаў, а як бы нават узяўся мацней. І днямі, і начамі ўсё стыла на шкляной халадэчы. І днямі, і начамі гайсаў над зямлёй сухі, сіверны вецер, сунуліся нізкія шэрыя хмары. Пад нелагодным небам, вылізаныя ветрам, цьмяна блішчэлі заледзянелыя лужы на вуліцы, балотныя разлівы, што падступалі да голых зараснікаў. І тыдзень, і другі панавалі толькі халады ды сцюдзёныя вятры. Здавалася, што на самым разыходзе восені і зімы нібы раптам прыпыніўся адвечны рух прыроды. Восень адышла, а зіма не бралася як след. Усё жыло, здавалася, чаканнем снегу. Чакалі парадзелыя, чорныя алешнікі на балоце, гладкая роўнядзь разліваў, гарбатыя, крывыя рады хат і гумнаў, цвёрдыя, у скамянелых грудках і каляінах дарогі, бясколерная, нежывая трава.
Похожие статьи:
Пераказы → Першы снег
Пераказы → Першы снег
Юрась Свірка → Юрась Свірка - З першым снегам
Якуб Колас → Якуб Колас - Першы снег
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Першы снег