Не магу без хвалявання глядзець на жнівеньскія лугі. Надта шмат у іх нейкай неразгаданай і прыціхлай задуменнасці і красы.
Буйныя травы скошаны. На месцы шырокіх пракосаў па ўсёй пройме ракі, наколькі можна ахапіць вокам, узняліся стагі духмянага сена. І кожны па-свойму адметны, як майстар, што скідаў яго.
Вось адзін. Паглядзіш на яго збоку, а ён высокі, зграбны, быццам з бронзы статуэтка на зялёным аксаміце лугу стаіць. А гэты чамусьці нагадвае стройную маладую дзяўчыну з капрызна падціснутымі вуснамі. Побач – стог-волат – дзябёлы, статны, з па-заліхвацку насунутай набакір шапкай. А вось стог-дзядок – нізенькі, каржакаваты, з маленькай гарбінкай на спіне.
Надзвычай шмат на жнівеньскіх лугах розных птушак. Ці то, глядзіш, шэрая варона сядзіць на жэрдцы стога, пра штосьці задумаўшыся, або ястрабок мышэй высочвае з вышыні. Даверлівы канюк ціха насвіствае сабе пад нос, пазіраючы па баках.
Тут, на лузе, можна сустрэць шпакоў, галак, кулікоў, кнігавак, качак, балотных плісак і іншую крылатую драбязу. Шпакі, гракі, галкі вялікімі чародамі пералятаюць з аднаго месца на другое, адшукваючы ў мяккай глебе лічынкі розных насякомых і чарвякоў. Так яны ўвесь дзень трымаюцца на лузе.
Тут жа, на больш нізкіх месцах, нярэдка можна ўбачыць і белых буслоў. З году ў год яны перад адлётам у вырай з усіх навакольных вёсак і сёл збіраюцца на прыбярэзінскія лугі. Іх часам досыць-такі шмат. Аднойчы я іх памылкова палічыў за жанчын, якія зграбалі сена. І як жа быў здзіўлены, калі гэтыя ў белых кофтачках "жанчыны" раптам разам узмахнулі крыламі і ўзняліся ў паветра...
Перад вялікай і адказнай дарогай на поўдзень буслы нагульваюць на лугах тлушч, трэніруюць маладыя крылы. Дзеля гэтага яны збіраюцца цёплымі поўднямі пад самыя аблокі і там, раскінуўшы пругкія крылы, вялікімі кругамі лунаюць над парыжэлымі лугамі і пожнямі, углядаючыся з вышыні ў родную сэрцу зямельку. Яе ім хутка давядзецца пакінуць.
(289 слоў)
Паводле Р. Ігнаценкі