Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лядовае пабоішча

   Бітва сяльчан з зарэчанцамі вялася трэцюю гадзіну. Да канца намерыліся стаяць воіны, дарма што бітва была бяскроўная, бяскрыўдная, тая, што завецца замежным, але на дзіва лёгкім для беларуса словам – хакей.
   Сыходзіў пакрысе кароткі зімовы дзень. Палавіна чырвонага сонца ўжо схавалася ў цёмным бары, які шчыльнай сцяною з усіх чатырох бакоў акружаў пляцоўку. Апошнія промні яго яшчэ прабіваліся праз вершаліны хвояў і залатымі палоскамі клаліся на лёд, зіхацілі яго і расквечвалі ўзорамі.
   Малады месяц не стаў чакаць, пакуль сонца зусім схаваецца. Выскачыў раней, застыў на другім баку неба. Так яны і віселі: палова чырвонага сонца на захадзе і бледны, разгублены сярпок месяца на ўсходзе. Дзівіліся з гэтых няўрымслівых людзей, якія невядома чаму сабраліся сярод глухога лесу, расчысцілі ад снегу пляцоўку, падзяліліся на дзве каманды. І вось носяцца адзін за адным, не баючыся ні марозу, ні ветру, забыўшыся на дзень і на хуткую ноч.