Між Ільёй і Спасам пачынаюцца ледзь не кожны год дажджлівыя дні. І дажджы з громам і маланкамі выпадаюць уночы. Цэлы дзень парыць. Гэта на дождж. Але неба чыстае, і ярка свеціць сонца. Як толькі яно зойдзе, на краі неба з’яўляюцца хмаркі. Хутка растуць яны і вылазяць з-за лесу. Грозныя хмары з чырвонымі краямі агромнымі клубкамі ціха і важна націскаюцца на неба. Як толькі сцямнее, пачынае бліскаць маланка. Грому яшчэ не чутно. А хмара ўсё паўзе і паўзе, усё большую і большую займае частку неба.
Уночы маланка мае свой асобны вобраз, сваё хараство і цікавасць. Уночы і голас грому мае сваю асобную грозную музыку, поўную нейкага невядомага страху, які цяжка пераказаць словамі. Яго толькі можна чуць душою. Ім б’ецца сэрца ў нейкім салодкім заміранні і чаканні.
(125 слоў)
Паводле Я. Коласа