Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жоўтыя гіганты

   Пра Беларускі аўтамабільны завод у Жодзіна можна расказваць толькі з выкарыстаннем найвышэйшай ступені параўнання. Гэта ўнікальнае прадпрыемства працуе ўжо семдзесят сем гадоў. Яно адзінае ў свеце, дзе кар’ерныя самазвалы збіраюць канвеерным спосабам.
   Холдынг "БелАЗ" – гэта адзінаццаць прадпрыемстваў і філіялаў, больш за чатырнаццаць тысяч высакакласных прафесіяналаў дзясяткаў спецыяльнасцей, больш за шэсцьсот мадыфікацый кар’ернай тэхнікі, прыдатнай для работы ў суровых кліматычных умовах: ад лютых халадоў да экстрэмальнай спякоты. Гэта пастаўкі ў дзясяткі краін. Гэта самы вялікі ў свеце двухвосевы самазвал. І гэта сусветнае прызнанне, а таксама заслужаны аўтарытэт на радзіме.
   Многія захапляюцца вытанчанымі абрысамі еўрапейскіх, японскіх і амерыканскіх аўтамабіляў, але не ўсе ведаюць, што менавіта самазвал "БелАЗ" стаў сусветным заканадаўцам моды ў дызайне буйнагабарытных машын: паклаў пачатак трэнду, актуальнаму да гэтага часу. Вядомы ва ўсім свеце дызайн "БелАЗа" быў створаны ў шасцідзясятыя гады дваццатага стагоддзя. Трэнд падхапілі і японцы, і амерыканцы. З тых часоў аблічча "БелАЗаў" змянялася і дапрацоўвалася, але "аўтэнтычныя" рысы абавязкова захоўваліся.
   Сёння "БелАЗы" працуюць на тэрыторыі ўсёй Расійскай Федэрацыі: ад еўрапейскай часткі да паўвострава Камчатка, а таксама ў Казахстане і Узбекістане, Індыі і Інданезіі, Манголіі і В’етнаме, у краінах Афрыкі. У кар’ерах, дзе здабываюць практычна ўсе вядомыя чалавецтву карысныя выкапні – ад вугалю і руд да золата і алмазаў.
   Зразумела, што такія машыны праектуюцца для інтэнсіўнай работы і высокай нагрузкі ва ўмовах бездарожжа і агрэсіўнага асяроддзя. Відавочна, што галоўныя параметры для іх – грузападымальнасць, надзейнасць, праходнасць, здольнасць бяспечна і эфектыўна транспартаваць вялікія аб’ёмы горных парод.
   Пры рабоце ў тры змены за суткі цэх зборкі, выпрабаванняў аўтамабіляў і цягачоў Беларускага аўтамабільнага завода выпускае тры кар’ерныя самазвалы са знакам якасці. У цэху адгрузкі гатовай прадукцыі машыну разбіраюць, укладваюць на чыгуначныя платформы, і яна ад’язджае да гаспадара. Статрыццацітонны кар’ерны самазвал у разабраным выглядзе займае чатыры чыгуначныя платформы. Чатырохсотпяцідзесяцітонны (без прыстасаванняў для зборкі) – цэлы чыгуначны састаў: дзевятнаццаць платформаў.
(295 слоў)

Паводле А. Анцэлевіч