Два хлапчукі качаліся ў пыле вясковай вуліцы, весела, сардэчна смеючыся.
Была нядзеля. Па вёсцы хадзіла моладзь – парамі, групамі, з песнямі, так сабе.
Два пажылыя кавалеры, што пабывалі трохі на свеце і мнагавата думалі пра сябе, ішлі асобна, пра штосьці важна гаворачы. У ботах-дудках па модзе, у мяккіх капялюшыках званком. У аднаго за стужку капялюшыка была заткнута хвосцікам вялікая цёмна-чырвоная вяргіня.
Яны пераступілі цераз вясёлых хлопчыкаў, як пераступаюць цераз лужыну, цераз палена або яшчэ што-небудзь горшае. Хоць і маглі абысці іх або, прынамсі, заўважыць пад ботамі.
Больш за сорак гадоў прайшло з таго летняга адвячорка. Я забыўся, з кім тады радасна смяяўся ў пыле роднай вуліцы. А крыўду нашу вось памятаю. Яна ўжо неаднойчы ўсплывае ў маёй памяці, жыва і ярка, як тая вялікая, налітая густой крывавай чырванню вяргіня. Я ўжо даўно магу з упэўненасцю меркаваць, што не было ў гутарцы тых двух надзьмутых задавакаў такой глыбіні, якая давала б ім права на пагарду да нас, дзяцей пад нагамі. Ды дзе яны, такія думкі, што могуць мець такое права? І я не проста памятаю гэты факт, я не сваю асабістую крыўдачку ўспамінаю, мне хочацца сказаць:
– Не наступайце на дзіцячы смех! Гэтая крыўда не забываецца.
(194 словы)
Паводле Я. Брыля
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Слухайце адзін аднаго!
Эдзі Агняцвет → Эдзі Агняцвет - Беражы зямлю і неба!
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Дзеці вайны
Максім Танк → Творы Максіма Танка для дзяцей
Эдзі Агняцвет → Эдзі Агняцвет - Доктар Смех