Двухмоўе (білінгвізм) – гэта папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Калі ж ва ўжытку знаходзяцца тры і больш моў, прынята гаварыць пра шматмоўе. Сэнс паняцця "двухмоўе" вынікае з выразу "дзве мовы".
На нашай планеце жывуць многія народы. Яны знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным, асабліва этнасы суседнія. Яны часта маюць адну тэрыторыю пражывання або знаходзяцца ў складзе адной дзяржавы. Моўныя кантакты, якія дыктуюцца эканамічнымі, культурнымі і іншымі сувязямі, патрабуюць вывучэння і выкарыстання ў моўнай практыцы дзвюх і больш моў. Існуюць і іншыя матывы авалодвання дзвюма ці некалькімі мовамі. Гэта можа быць атрыманне адукацыі, патрэбы навуковай дзейнасці і іншае.
Вылучаецца некалькі відаў двухмоўя. Індывідуальнае, калі дзвюма мовамі валодаюць толькі асобныя члены калектыву. Групавое двухмоўе, калі двухмоўнымі з’яўляюцца цэлыя групы або асобныя сацыяльныя слаі. Поўнае, калі двухмоўе з’яўляецца характэрным для ўсіх сацыяльна-культурных груп народа. Можна гаварыць і пра нацыянальнае двухмоўе, калі яно пашырана сярод прадстаўнікоў усёй нацыі. Дзяржаўным двухмоўе называюць тады, калі ў адной краіне статус дзяржаўнай маюць дзве мовы.
Сучасная моўная сітуацыя ў Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе. Значная частка насельніцтва Беларусі актыўна карыстаецца і рускай, і беларускай мовамі ў розных сферах грамадскай дзейнасці.
(194 словы)
Паводле А. Лукашанца