А сонца зусім нізка, здаецца, адным сваім краем упіраецца ў зямлю. Патух яго яркі дзённы бляск, і само яно зрабілася чырвонае, круглае, вялікае. Вось ніжняя частка яго ўрэзваецца ў вузкую тонкую палоску хмаркі і выплывае, перарэзаўшы яе. Палоска, як абручык, як паясок, прыходзіцца ўжо пасярэдзіне. Вось яно ўлазіць глыбей і глыбей у зямлю. Адну толькі палавіну яго відаць, ды і тая ўсё звужаецца, і вось адзін толькі яго беражок блішчыць над зямлёю. Яшчэ хвіліна – і ён схаваецца, патухне, як апошняя іскарка на вугольчыку, сыдзе, як апошні вясёлы смех з чыстага твару добрага чалавека. Толькі роўны, светлы слупок уздымаецца над ім, ды і той скора меркне, расплываецца, зліваецца са светла-чырвонаю палоскаю неба. І ўвесь божы свет накрываецца чорнаю коўдрай ночы. З-за лесу ледзь-ледзь выразаюцца чорныя хмары няроўнымі грудамі рознай формы, з яркімі, як абцягнутымі залатою тасёмкаю, краямі.
(136 слоў)
Паводле Я. Коласа