Францыск ідзе знаёмымі вулачкамі вялікага і старога горада. Так ён з замілаваннем называў у сваіх прадмовах Прагу, што колісь дала прытулак яму і яго вялікай справе.
Зноў вярталіся ў памяці тыя поўныя натхнення і парывання лепшыя часіны жыцця, калі ён дні і ночы сядзеў за сталом, рыхтуючы рукапісы, робячы пераклад, пішучы прадмовы і пасляслоўі, радуючыся ўдалым гравюрам і, нарэшце, трымаючы ў руках першыя друкаваныя адбіткі...
Падумаць толькі – як працавалася: у тысяча пяцьсот сямнаццатым годзе – чатыры кнігі ў шэсць-сот сорак шэсць старонак, у тысяча пяцьсот васямнаццатым годзе – восем кніг у семсот чатыры старонкі, у тысяча пяцьсот дзевятнаццатым годзе – адзінаццаць кніг у тысячу старонак. Такім чынам, штомесяц – прыкладна, па шэсцьдзесят-восемдзесят старонак...
Настаў час яго вялікіх надзей, якія пачыналі нарэшце здзяйсняцца.
(119 слоў)
Паводле А. Клышкі