Цяпер у Вязынцы – цэнтр мемарыяльна-літаратурнага купалаўскага запаведніка. Вязынка ўключана ў міжнародны турысцкі маршрут. Праўда, большасць турыстаў звычайна абмяжоўваюцца знаёмствам з філіялам Літаратурнага музея Янкі Купалы. Ён размясціўся ў хаце народнага песняра. І усё ж не менш можа даць знаёмства з мясцовасцю вакол Вязынкі.
Хораша ісці лесам, хораша проста быць у ім, вязынкаўскім лесе. Прыслухацца да голасу птушак, прыпыніцца і дакрануцца да жаўтлявай ці бялюткай галоўкі кветкі. І зноў ідзеш сабе паціху, нібы захмялелы і ад паху леташняй ігліцы, і ад зляжалага лісця, і ад жывіцы. Яна выступае на ствалах сасонніку бурштынавымі кроплямі-слязінкамі.
Ні з чым не параўнальная вязынкаўская вясна! Калыска народнага песняра – гэта і своеасаблівая калыска ўсёй беларускай паэзіі. Ды ці толькі беларускай?! Уплыў купалаўскага генія сёння моцна адчувальны на ўкраінскую і латышскую, літоўскую і эстонскую – бадай, на ўсе літаратуры народаў былога СССР. А хочаш зразумець песняра – пабывай на яго радзіме. І нягледзячы на тое, што ў Вязынцы жыў Яська Луцэвіч зусім мала, гэты запаветны куточак роднай зямлі быў з паэтам у думках і марах, здзяйсненнях і спадзяваннях усё жыццё.
Непаўторная вязынкаўская вясна! Дзіўная гэта ясная пара. Сонца ўсё шчадрэй пачынае саграваць зямлю, дорачы ёй сваю ласку і цеплыню. Усё наваколле запалымнее мноствам фарбаў, ператворыцца ледзь не ў суцэльны казачны дыван. У ім дзіўна пераплятаюцца самыя розныя колеры і адценні. А крыху пазней ля бюста песняра ў Вязынцы, непадалёку ад ягонай хаты, зацвітуць ружы.
(225 слоў)
Паводле А. Марціновіча
Похожие статьи:
Янка Купала → Тэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці
Янка Купала → Тэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы
Янка Купала → Драматургічнае майстэрства Янкі Купалы
Янка Купала → Пошукі героямі шляхоў да шчаслівага жыцця ў драме Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Сэнс назвы твора
Янка Купала → Янка Купала - Пясняр беларускага народа