Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Брыль - Цюцік

Увага! Поўны змест

1

   Ён нарадзіўся ў лесе, у двары таго дзядзькі, што пільнуе лес. Спачатку нічога не бачыў і ніяк не называўся,– жыў сабе вобмацкам, ды ўсё. Было нешта вялікае, калматае, цёплае, у чым ён хаваўся разам са сваім чорным казытлівым чмысікам; там жа была нейкая соска з крынічкай цёпленькага малака; а нешта вялікае, добрае грэла цюціка, абнюхвала і лізала, пяшчотна і многа. Было яшчэ нешта другое – маленькае, цёпленькае; яно тоўхалася з ім разам у пушыстай аўчыне і, заблудзіўшыся, дарма намагалася адабраць у яго соску з малаком і ўсё мармытала, усё пахныквала...
   Пасля цюцік стаў бачыць і ўцяміў, што тое вялікае нешта з пушыстым цёплым кажухом і соскамі – гэта яго мама, калматая сука Муха, а цёпленькі мармытун – брат, такі самы шчанюк, як і ён. З ім разам цюцік ссаў матку, пасля хлябтаў малако з чарапка, гуляў на двары і ў будзе на саломе.
   I ніколі яму на цямок не ўзышло, што з ім будзе далей.
   Аднойчы маці недзе пабегла, а яны з братам сядзелі ў будцы і глядзелі на двор. Церушыў дождж, на будку капала з яліны, і не хацелася нават носа высаджваць на двор.
   Цераз леснікову сядзібу, дарогай, ехалі фурманкі з дровамі. Дзядзькі спыняліся каля студні і паілі коней. Яны цмокалі на шчанят у будцы, гаварылі пра іх, але ніхто не чапаў.
   А пасля дык едзе адзін толькі дзядзька на сівай, пацярушанай грэчкай, кабыле. Спыніўся каля студні, раскілзаў сваю здыхатую ды давай цягаць ёй ваду вагой у старое заплеснелае карыта. П'е Сіўка, а дзядзька падсвіствае ёй і глядзіць на шчанят. Пасля гэта – шлэп, шлэп у лапцях – падышоў да буды.
   – І-і,– кажа,– якія харошанькія!
   Усадзіў у буду руку і пагладзіў іх, прыгаворваючы: "Цюценькі, цюцькі..." За каршэнь выняў цюціка з буды, узяў на рукі, пагладзіў, пагаварыў, зноў палажыў, а сам пайшоў у хату.
   З хаты выйшлі яны ўдвух з дзедам Арцёмам.
   – Я ж кажу, чалавеча,– гаварыў дзед,– бяры хоць абодвух, балазе і сукі няма.
   – Дзе там, дзеду, абодвух,– адказаў дзядзька,– будзе мне і з адным моташна. Баба ў мяне драпежная, сама ніяк не наесца.
   – Эй, а што ж ты? Мужчына, я ж кажу, як той мядзведзь, а бабы баішся.
   – Якое там, дзеду! Воўк сабакі не баіцца, але не хоча звягі слухаць.
   – Я ж і кажу – часцей нос падціраў бы.
   – А ўжо ж неяк там будзе.
   – Дык у што ж ты яго возьмеш, чалавеча?
   – Мяшэчак вось...
   I дзядзька зняў з воза мокры мех з рэшткамі сена.
   – Дзяржы ж, т'каля. Я ж кажу – ядуць усё, як старыя, і ў роце чорна: злосныя.
   Дзед выняў цюціка, расшчаміў яму зубы, паказваючы дзядзьку цюцікаў чорны рот, і апусціў шчанюка ў мех. Мех завязалі, і цюціку зрабілася цёмна. Дзядзька закурыў з дзедам з бараняга капшука, сунуў яму нейкую нуду на махорку, прывязаў мех на дровах і паехаў.
   Была позняя, шэрая восень, гразка, і на звілістых лясных дарогах – глыбокія выбоі. Дровы моцна калывала і трасло, мех качаўся на паленах. Цюціка ў мяху кідала ўва ўсе бакі; у цемры ён тоўхаўся носам у бясконцае мокрае палатно і жаласна пахныкваў.
   Лесам, лесам, пералескамі – і дзядзька выехаў на шырокі гасцінец. На глыбокім пяску перастала трасці. Цюцік супакоіўся, сагрэўся трошкі і заснуў.

2

   Дахаты дзядзька прыехаў позна. Мокры, ацэплы, галодны. Распрог сваю Сіўку, упусціў яе ў хлеў, узяў на адну руку мокры хамут з шорамі, а ў другую – мяшок з цюцікам і пайшоў у хату. Там сабе лямпачка свеціць, цёпла, і дзеці яго, Міхась і Волька, гэтак радыя будуць пярэстаму цюціку!..
   – Што гэта, дзеці? – усміхаецца дзядзька, прыўзняўшы руку з мяшком.– Можа, шышкі яловыя або шэранькі зайка? Не, гэта вось што!
   I дзядзька вытрас цюціка на падлогу.
   – Сабачка! Мама, сабачка! – закрычалі Міхась і Волька.– Ах ты, наш малышок! Цюценька мой, і лапкі рабенькія, сыценькі, цёплы... Мама, дай яму малачка! У кошчын чарапок!
   – Яшчэ чаго не было,– аказалася маці.– Мала яшчэ, што галубоў гіблота, дык новую трасцу прывалок. Дальбог, і гэтага звяду! Не бачыла смуроду!
   – От ты сціхні,– адказаў ёй бацька.– Якраз табе хлеба не хопіць. Засцігнула. Есці лепш давай!
   Ён распрануўся і сеў каля стала. Волька падышла да яго, палажыла яму ручкі на калені і спытала, пазіраючы ў вочы:
   – А што мы яму, тата, есці будзем даваць?
   – От, пакуль малачко будзе хлябтаць, а потым бульбу свіную. Гэтак, як Курцік, памятаеш? – адказаў тата і пагладзіў Вольку па галоўцы.
   – Пэўна,– аказалася ад печы мама.– Свіную бульбу. А потым заколеш яго. На вось, жары! – паставіла яна на стол капусту.
   Але бацька ўстаў і пайшоў да паліцы, на якой стаялі збанкі з малаком, завешаныя зрэбнай полачкай.
   – Хаця ж поўнага не пачынай, каб цябе ліха заела! Дай я сама!
   А першы з краю збанок якраз быў поўны. Хацеў бацька ўзяць яго, на злосць бабінай звязе, але падумаў і ўзяў пачаты. Міхась падставіў кошчын чарапок, тата наліў малака, узяў цюціка за каршэнь і ткнуў мызачкай у малако. I малыш пачаў прагна хлябтаць.
   Міхась і Волька падскаквалі ад радасці і смяяліся на ўсю хату. Тата паджургваў сваю пасаломленую чупрыну і таксама смяяўся.
   А той, за каго пасварыліся – галодны цюцік з рабенькімі лапкамі,– хлябтаў, разгірачыўшыся, і толькі пачмыхваў, павільваў тоўстым хвосцікам і ўвачавідкі таўсцеў.

3

   Маму звалі цётка Алена.
   I вось гэтую зіму нешта дрэнна куры нясліся ў цёткі Алены. Адна марока. Выпусціць яна іх з падпечка, хопіць адну-другую за крыллі, памацае ды лаецца:
   – А каб вас каршун падзёр! Адно павыядаліся, як копы!
   Шэраму пеўню пападала па пер'і, і, адскочыўшыся, ён нездаволена кудкудыкаў, не ведаючы, чаго яна хоча – дурная баба...
   – Агрызайся яшчэ, ціпун табе на язык, жарабец ты!
   На "шчадра" цётка Алена накарміла іх куццёй у вялікім абручы з кадушкі, і неўзабаве Драпясценькая выйшла з падпечка, скочыла на лаву і на ўсю хату раскудахкала, што яна зняслася. Мама паслала Міхася пад печ з газоўкай.
   – Ёсць! – крыкнуў Міхась.– У гэтым куточку яйцо, а ў гэтым яшчэ адна сядзіць, жоўтая!
   Ад крыку яго закалыхаўся агеньчык газоўкі і цёмныя цені, а курыца спалохана паклявала галавой і кудахнула.
   – Ну, вылазь, а то спудзіш яе! – гукнула маці пад печ, і Міхась вылез на хату.
   – Мне зварыш, мама, мне! – затупала Волька.
   А Міхасю проста хацелася самому кудахкаць ад радасці. Ён падсунуў яечка цюціку пад нос. Шчанюк панюхаў яго, завіляў хвосцікам і аблізаўся.
   – Яшчэ чаго не было! – крыкнула мама.– Навучы, бацькаў сынок! Дай сюды яйцо! А ты вон, здыхата!
   Мама адшпурнула цюціка нагой. Шчанюк заплакаў і лёг у сваім кутку.
   Плакаць яго навучыла цётка Алена. Так з самага рання і лічы, што як дзядзькі дома няма, дык і паплачаш. I каб сказаў было за што! Хоць бы надоечы. Знайшоў ён у каморы пад скрыняй палавіну каравай халявы ад старога валёнка і панёс яго дзе-небудзь лепш перахаваць. А цётка стрэла яго ў сенях і дала прачуханца махрамі. А тут, як наліха, з кожным днём усё цікавей рабілася пашукаць што-небудзь, знайсці ды занесці ў лепшае месца. I заўсёды амаль спаткаешся з гаспадыняй і яе пякучымі махрамі...
   Цётка нібы знарок шукала прычыны, каб звесці цюціка. I такі анайшла.
   Аднойчы яна выпусціла курэй з падпечка, а сама пайшла недзе з бязменам, прычыніўшы дзверы. Малых не было дома: Міхась пайшоў у школу, а Волька да свае сяброўкі Тоні. А сам дзядзька паехаў у млын. Цюцік убег у кухню пагрэцца, а пасля – нюх, нюх, нюх,– пад печ. А там тры яечкі, такія самыя, як Міхась панюхаць даваў – цёпленькія, гладзенькія. Цюцік узяў адно асцярожненька ў зубы, панёс.
   – О, гэта дык але! – стрэла яго ў сенях цётка. Схапіла цюціка за хвост, развязала другой рукою фартух і давай яго сцябаць, прыгаворваючы: " А я табе! А я табе!" А цюцік крычаў на ўвесь свет. Цётка вынесла яго на двор і шпурнула цераз плот на мерзлую раллю.
   Снегу было няшмат, і цюцік выбіў лапку. Заенчыў, заплакаў. Пасядзеў, палізаў больку, хацеў ісці, але толькі ступіць – заенчыць зноў. I ён пачыкіляў: тры з палавінай, тры з палавінай... Плот быў новы і зусім шчыльны. Як ні намагаўся цюцік ушыцца на свой двор – не было нават малое дзірачкі. Тры з палавінай, тры з палавінай... "Ы-хы-хы! Ы-хы-хы!.." Пасля плот кончыўся, а навокал усё снег ды снег, а па снезе паскрэбвае сярдзіты вецер.
   Чыкіляў, чыкіляў цюцік і апынуўся пад нейкім гумном. З дзядзькавага хутара, сам таго не ведаючы, ён прычыкіляў у вёску. Пачынала шарэць. Цюцік кульгаў па вуліцы і пахныкваў. Падышоў да нейкіх варот, цікнуў спаднізу і палез на падворак. Пуста навокал, і сені зачынены. У наступных дзвярах у куточку была дзірка, для ката. Цюцік панюхаў і палез. Цёмна. Нюх, нюх, нюх... Адна толькі шорсткая кастрыца. А потым раптам – шшух! – і паляцеў кудысьці старчма. Стукнуўся аб нешта цвёрдае, вострае, перакуліўся і ўпаў на сырое каменне. Пабіў лабаціну, спіну. Плакаў, плакаў, як той бедны Якаў, і ўсё яму пан бог аднакаў. Тады ён змоўк і прыслухаўся: ціхенька, цёмна, толькі пахне квашанай капустай і сырою бульбай. У кутку шарганулася нешта па дошках, а пасля запішчалі, зацяўкалі пацукі.
   "Ну,– падумаў цюцік,– прападу я тут за нішчымны квас..."

4

   У Габрусёвых у хаце была толькі бабка Хвядося. Шарую гадзіну спраўляла сабе ды паглядала ў вокны, што гэтак позна, а хатніх – няма ды няма. Яны пайшлі да малатарні да Якіма – і Сцяпан, і Настуля, і Рыгорка.
   – А-а, што ж гэта так забавіліся? Скаціне не давана. Хм, пайсці хоць бульбы ўнесці.
   Бабуля апранула кажушак, узяла кошык і патэпала ў пагрэбнік. Падышла да жарала, кінула туды кошык і ну ступаць на лесвічку.
   – А-я-яй! – заенчыла нешта адтуль.
   – Пан Бог з намі – што ж гэта? – Уздрыгнулася бабуля ды ходу.– Хай яго ліха, што ж гэта? – Пастаяла, падумала.– Пайду хіба газоўку вазьму.
   Але старая і з газоўкай пабаялася. Стала зноў чакаць хатніх. Прыйшлі яны, і бабуля ім расказала.
   – Хадзем! – сказаў Рыгорка.
   Яны пайшлі. Хлопец палез у яму.
   – А мо не лезь, унучак, хай яго...
   Шаркнула запалка, і ў жарале засвяцілася.
   – Сабачка, баба, сабачка! А мой жа ты!
   З ямы пачулася пахныкванне.
   Цюціка дасталі і панеслі ў хату. А там ужо мама агонь запаліла.
   – Бедненькі, цюцька, галодненькі,– шкадавала яна.
   Хай яго! Толькі напалохалася,– смяялася бабуля.– Дальмала: што за звер?..
   – От, бедавалі па Лыску. От і сабака будзе. Бачыш, які ладны,– казаў тата, папыхваючы люлькай.
   Налілі цюціку капусты.
   – Бачыш, бачыш, аж чарапок падскоквае! – смяяўся тата.
   – Нейкая ж зараза ножку перабіла,– гаварыў
   Рыгорка, прыглядаючыся.
   Тата адкашляўся і плюнуў.
   – Мала хіба дурняў на свеце,– сказаў ён і зноў зацягнуўся дымам.
   – От дзе – буху, буху, як у бочку, а ўсё смокча махнушу гэтую,– сказала мама.
   А бабуля Хвядося:
   – Што ж ты,– кажа,– другі б'еш скацінку: скацінка ж немая, мілыя, яна не скажа...
   А цюцік толькі аблізваўся ды павільваў тоўстым хвосцікам.
   Рыгорка занёс яго ў хлеў, пагладзіў і палажыў ля Гнедчынага катуха, а сам пастаяў і пайшоў.
   Цюцік пачаў прыслухоўвацца, нюхаць. Пад ім навокал пахла конскім гноем і аржаной саломай, а над галавой хрупала сена кабыла. Пачуўшы сабачы дух, яна панюхала і, не датыкаючыся да цюціка цёплымі, валасатымі губамі, з агідай пырхнула. Цюціку здалося, што і яна ўжо ведае пра ягоную крыўду і шкадуе яго. Ён пахныкаў ёй трохі, а потым змоўк. Гнедка хрупала мерна, павольна, час ад часу спыняючыся, каб насцеражыцца, паслухаць...
   Ах, як добра цюціку, як смачна ў жываце, які ён пузаценькі, цёплы і мляўкі!
   Цюцік скурчыўся і шчасліва заснуў.

1937

Похожие статьи:

Янка БрыльЯнка Брыль - Сірочы хлеб

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")