Я зноў, дзе поле каласамі
Свайму паэту шле паклон...
1
Здарова, хлопцы! Як жывецца?
Не спазнаю сваёй радзімы...
Дзе ж лес шумлівы з лёгкім веццем,
Куды ў грыбы калісь хадзілі?
А вёска дзе, што там за грэбляй
Была ахілена ракітай,
Што ворага калісь не стрэльбай –
Пужала саматканай світай?
А поле, поле. Шыр бясконца.
Куды ж дзяваліся ўсе межы?
Ўсё нова тут, пад новым сонцам,
Ўсё для мяне тут нова, свежа...
Балоты, бачу, асушылі,
Што сінім слаліся туманам...
Якая раць, якая сіла,
З якім прайшла тут атаманам?
I трактар, чую я, стракоча
Вось там, за ўзгоркам у даліне...
Няўжо ж сказаць хто не захоча:
«Люблю цябе, мая краіна».
2
Здароў, паэт! Здароў, зямляк наш!
Цябе вітаць заўсёды рады...
Не спазнаеш сваіх зямлянак...
Скуль к нам? З Масквы ці Ленінграда?..
Ах, толькі з Мінска. Знаем, знаем.
Што там чуваць? Ці жыць цікава?
Мы чулі – Мінск звініць трамваем...
Для нас таксама гэта – слава.
Будынкі новыя, заводы –
То ж сіла горада і наша...
Вось толькі б не парушыць згоды, –
Кітай вайною штосьці страшыць...
Ды толькі мы не палахлівы,
Хто нам не слаў сваёй пагрозы...
А мы – будуем калектывы, –
Такі у нас мужычы розум.
Мы ведаем, што вораг хоча
Прынесці зноў нам шмат урону...
Калі жыццё наперад крочыць –
Не трэба лепшай абароны.
3
Зямля, зямля. О, колькі моцы
Захоўвалі твае глыбіны...
О землякі мае вы, хлопцы,
Узняць вы гэту моц павінны.
А горад? – горад вам паможа,
Рабочых рук і там мільёны...
Жыццё мы разам упрыгожым,
Хоць цяжка нам усім сягоння.
О, радасць дзён! Сустрэчы радасць,
Ўсё апісаць хто словы знойдзе...
Такая ж для мяне прынаднасць
На кожнай фабрыцы й заводзе.
Цяпер жывём мы іншым светам,
Цяпер інакш спяваць хачу я...
Той можа зваць сябе паэтам,
Хто нашых дзён жыццё адчуе.
Я рад, што думкі ўдаль занеслі,
Не чую плачу хат пад клёнам.
Цяпер спяваць я буду песні –
Магутным трактарным калонам.
1929
Крыніца: Чарот М. Выбранае: [Для сярэд. і ст. школ. Узросту / Прадм. і ўклад. У. Гніламёдава]. – Мн.: Юнацтва, 1982. – 222 с.
Похожие статьи:
Міхась Чарот → Міхась Чарот - Вясенняя раніца
Міхась Чарот → Міхась Чарот - Босыя на вогнішчы
Міхась Чарот → Міхась Чарот - Песня беларуса
Міхась Чарот → Міхась Чарот - Звон
Биографии → Міхась Чарот