Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Лынькоў - Дзіцячы башмачок

Увага! Поўны змест

   Сонечны прамень трапіў на твар дзіцяці, жарка ўспыхнуў у русай шапцы валос.
   Гэта вывела жанчыну з задуменнасці. Прызвычаеным рухам яна зняла хустку з галавы, клапатліва развесіла яе на галінках, паправіла руку дзіцяці, асцярожна выняла з потнага дзіцячага кулачка каменьчык, прыліпшую да далонькі хвойную ігліцу. І, гледзячы на гэтую маленькую далоньку, усміхнулася чамусьці, уздыхнула, прыхілілася шчакой да дрэва. Шурпатая кара дрэва была цёплай, пахучай. Янтарна паблісквалі на чырванаватым ствале пацёкі смалы. Залацістымі іголкамі прашывалі паветра навакол яго імклівыя жоўтыя восы. Яны ціха звінелі, і іх звон зліваўся з сухім строкатам конікаў.
   Была нясцерпная сухмень. Пахла гар’ю. Паўнеба на захадзе было пакрыта агромністай цёмнай хмарай. Жанчына не глядзела, яна баялася глядзець туды. Увушшу стаяў яшчэ злавесны рокат агню, завываючы візг металу, грукат падаючых сцен. Як перад вачмі — павіс, качаецца на правадах падгарэўшы слуп. Струнамі гудуць правады, прагнае полымя шалёна ўзвіваецца ўверх, ападае. І зноў то выцягваюцца, то абрываюцца яго жоўтыя языкі, паўзуць, пераскакваюць, асыпаюцца дымнымі іскрамі. Вось-вось упадзе слуп, абарве распаленыя да чырвані правады. Хутчэй бы прайсці, праскочыць гэтае страшнае месца. Навакол агонь, дым, удушаючы пах пажарышча. Бітае шкло звонка храбусціць пад нагамі.
   ...Жанчына прыслухалася да няроўнага, уздрыгваючага дыхання дзіцяці, бяспомачна прыпала да зямлі.
   — Ды што ты надумалася, Нехама? — знарок сурова гаворыць ёй, тармосячы за плячо, яе суседка Вера. Суровасць ніяк не пасуе да гэтай маленькай і рухавай, як жывое срэбра, жанчыны, да залаціста-папяловага ззяння яе валос, з-пад якіх усміхаецца вам такі вясёлы, увесь у сонечных вяснушках твар.
   — Баюся... Напалоханы ён... — вачмі паказвае на дзіцёнка маці.
   — А ты не бойся... Усё гэта дробязь... Пройдзе... Добра вось — жывы мы, дзеці жывы... І мужчыны нашы. таксама будуць жывы...
   Угаворваючы голас паступова робіцца ціхім, упрошваючым. Непрыкметна дакрануўшыся да вільготных воч, Вера пачынае гаварыць, спяшаючыся, гучна:
   — Глядзі, колькі ягад будзе ў гэтым годзе... Вунь цвітуць як...
   — Так... ягады... — безудзельна шэпча жанчына, думаючы аб нечым сваім, заветным.
   — Ды ты паглядзі!
   — Пакінь...
   Яны змаўкаюць. Яны разумеюць адна другую з паўслова, гэтыя дзве маленькія суседкі, як іх празвалі, дзве швейніцы з адной фабрыкі. Яны і на фабрыку прыйшлі з аднаго і таго ж мястэчка, жылі ў горадзе ў адным доме, амаль што разам абзавяліся маленькімі сем’ямі. У Нехамы сын сямі год, Барыс, у Веры двое меншых дзяцей.
   Жанчыны суцяшаюць адна другую ў дарозе. Па чарзе. Часам не вытрымаюць, горка ўсплачуцца абедзве, уткнуўшы галовы ў зялёную прахалоду папараці. Сударгава ўскалыхнецца папараць. Пацямнее тварам сівая Анісся — дворнічыха. Яна тут жа, з імі.
   — А яшчэ маладыя. Што ж нам рабіць?
   Сорамна перад Аніссяй. Сорамна перад другімі жанчынамі. Іх многа тут, разам з дзецьмі.
   Маленькія суседкі ўсміхаюцца, яны стараюцца ўсміхнуцца.
   — Ды хіба мы... Мы проста... так...
   — Ведаю я вас... Ну, ладна... Самы раз дзяцей будзіць, час у дарогу...
   І ўсе просяць:
   — Яшчэ б хвілінак з пяток... Няхай паспяць...
   Салодкі сон дзіцячы пасля пылу, духмені. І дарослых хіляць да сну пахі чабору, багуну. Халодны бруснічнік сунімае боль пацёртай нагі, мякка нікне галава да пушыстага моху ўгрэтай сонцам купіны. Гарачае паветра струменіцца навакол чырванаватага ствала, які ўзняўся высока-высока ў нерухомую сіняву неба. Ледзь-ледзь трапечуцца блакітныя павуцінкі, птушыная пярынка, прыстаўшая да смалы. Залацістымі іголкамі прашываюць паветра жоўтыя імклівыя восы.
   Унізе цвітуць, адцвітаюць суніцы.
 

* * *

   Усё адбылося хутка, як сон.
   Яны з’явіліся непрыкметна, нечакана выскачыўшы з-за павароту лясной дарогі. Заўважыўшы людзей, схапіліся за аўтаматы, але, убачыўшы, што перад імі толькі жанчыны, дзеці, яны, не глушачы матораў, спыніліся ля дарогі, некаторыя сышлі з матацыклаў. Потныя, запыленыя, пайшлі між людзей, бесцырымонна заглядваючы ў пабялеўшыя твары жанчын, наступаючы на ногі дзецям. Адзін ударыў наском бота ў маленькі клунак. Пярэстая хустка ўзляцела ўгору. З яе выпаў кавалак хлеба, бутэлька малака мякка ўпала на мох. Яе падхапіў цыбаты салдат і, захлёбваючыся ад смеху, у два-тры глыткі асушыў яе, лоўка запусціўшы пустой бутэлькай у хвою. Астатнія кінуліся латашыць клункі, кошыкі, незайздросныя торбачкі. Прагна накідваліся на малако, перахоплівалі адзін у другога здабычу, гучна пацяшаліся над няўдакамі. Залатушны яфрэйтар, пазней другіх пакінуўшы матацыкл, пачынаў злаваць. Адну за другой разбіў ён некалькі бутэлек з вадой. У апошнім кошыку ізноў вада. Коратка вылаяўшыся, ён прыўзняўся ад кошыка і, часта мігаючы выцвілымі рудымі расніцамі, цяжка агледзеўся навакол. Надрыўна плакалі дзеці. Мацеры прыкрывалі іх рукамі, ціха шапталі:
   — Не трэба... Не трэба плакаць...
   Залатушная шыя яфрэйтара набіралася чырвані. Нехта з салдат не да ладу рассмяяўся. Сурова агрызнуўся на яго яфрэйтар і тут жа сарваўся на крык, на істэрычны воклік:
   — Да д’ябла, да чорта ўсё... Хто гаспадар тут?
   Залатушны твар залівалі плямы чырвані, тапоршчылася пад носам пракураная шчапоцька вусоў, абсівераны рот пырскаўся слінаю. Яфрэйтар бегаў, крычаў, загадваў, каб зараз жа адышліся ўбок яўрэі.
   Ціхі ўздых пранёсся над палянай і знік, праглынуты мхамі.
   Сёй-той нерашуча ўстаў. Прыўзнялася на калені Нехама. Яе схапіла за рукі Вера, настойліва пацягнула ўніз.
   — Не хадзі, табе гавару, не хадзі... — шаптала яна сухімі, бяскроўнымі вуснамі.
   Нехама апусцілася на зямлю. Прыкрыўшы твар далонямі рук, яна сядзела ў цяжкім задуменні. Абхапіўшы яе калені, усё ўпрошваў маленькі сын:
   — Ты не пужайся, мама... Гэта не страшна.
   «Гэта не страшна», — так суцяшала яго маці ў гэтыя два дні, неаднойчы прыкрываючы яго сваім целам, калі чорныя цені самалётных крылляў праносіліся над імі і пыльная, белесаватая шаша раптам рабілася чорнай ад фантанаў гразі, ад тарфяных камякоў, веерам асыпаўшых дарогу.
   — Гэта не страшна... — і хлопчык плакаў, стараючыся зазірнуць у твар мацеры, у яе вочы. Але дзіўная рэч — маці адсоўвалася ад яго, мякка, але настойліва адхіляла яго ад сябе.
   — Беражы яго, Вера...
   Цёця Вера пацягнула яго да сябе, да сваіх малых, засланіла ад мацеры. Яна чамусьці кусала — гэта цёця Вера — да крыві свае пальцы, сударгава сціснула яго локаць і, прыкрываючы яму рот рукой, усё гаварыла, гаварыла:
   — Ты не бойся... маўчы... маўчы...
   Раздалося некалькі прыглушаных ускрыкаў:
   — Забойцы вы, зверы!.. — голас абарваўся, замоўк.
   Плакалі жанчыны навакол, ды гучна смяяліся нечаму салдаты. Яны білі па хвоях знятымі курткамі, выбівалі пыл. Шэрыя поласы лажыліся на чырванаватыя ствалы. Нехта з салдат мыў рукі ў ручаі і, ажыўлена размахваючы імі, аб нечым расказваючы, часта абарочваўся назад, да шэрых куртак. Шэрыя курткі рагаталі.
   Рогат нечакана спыніўся. Праз паляну бег хлопчык. Пранозлівы дзіцячы крык успугнуў птушак на вяршаліне хвоі, яны ўзняліся, успырхнулі над палянай.
   — Мама... мамачка... я не хачу... ты мая мама.
   Услед за ім бегла жанчына, стараючыся злавіць яго за руку.
   — Назад... назад... ах, божа ж мой...
   І можа, убачыла што, ці здалося што цёці Веры... Голас яе надарваўся, стаў рэзкім, калючым:
   — Вы... вы... не рабіце гэтага... Гэта дзеці... Гэта сын мой...
   Скупа грымнулі стрэлы — адзін, другі. Хлопчык як бы спатыкнуўся і, узіраючыся здзіўленымі вачмі ў бязмежную сіняву неба, нібы прынік на хвіліну на выцвілыя пад сонцам верасы. Схапіўшыся за грудзі, жанчына апусцілася на калені і штосьці хацела сказаць, але нахілілася і цяжка ўпала ля вялікага каменя, абросшага знізу зелянявым слізкім мохам. За каменем журчаў ручай.
   Трэск матацыклаў разарваў хвілінную цішыню на паляне. Па дарозе пад’ехала другая група матацыклістаў. Раздалася кароткая каманда. Салдаты хутка ўсаджваліся на машыны і, падняўшы клубы густога, цяжкага пылу, паехалі далей па змрочнай лясной дарозе. Залатушны яфрэйтар сабраўся апошнім. Ён спыніўся каля хлопчыка. І, цяжка нахіліўшыся, не гледзячы на твар дзіцяці, стаў расшнуроўваць дзіцячы башмачок. Рабіў ён гэта дбала, па-гаспадарску. Зняў адзін, спяшаючыся, узяўся за другі. Туга сцягнуты шнурок не паддаваўся агрубелым пальцам. Салдат усеўся на зямлю, каб зручней расправіцца з непадаткім шнурком. Доўга корпаўся ў кішэні, дастаючы складны ножык. Разняў яго і раптам здрыгануўся і падаўся быў усім целам ад дзіцяці. Дзіцячая рука сударгава паднялася і жорстка кранулася рудай шчаціністай шчакі салдата. Яфрэйтар мармытнуў нешта ў нос з перапугу, але, зірнуўшы спадылба на хлопчыка, зразумеў усё і супакоіўся. Чорт бы ўзяў гэты пракляты шнурок, колькі навалэндаешся з ім! Але толькі ён узяўся за шнурок, як гучны ўдар па касцы ледзь не ашаломіў яго. Камень упаў радам з ім. Па-зладзейску, трасучыся, азірнуўся яфрэйтар. Рудая шчаціна пакрылася мокрай іспарынай. Хутка-хутка замігалі выцвілыя расніцы. Ён прыкрыў быў рукамі твар, потым спахапіўся, кінуўся да аўтамата.
   Старая, сівая жанчына ішла на яго, сударгава сціскаючы ў кашчавых руках цяжкія каменні. Кожная складка сухога, старэчага твару поўнілася суровай рашучасцю. Дзіўным бляскам свяціліся заняпаўшыя вочы, страшныя, немігаючыя вочы старой. За ёй пасоўваліся змрочныя, злавесныя постаці жанчын. Ён бачыў каменні, нейкія разгаліны з дрэва, якісьці кавалак жалеза — ці то абломак абруча, ці то сплюснутая шына ад кінутага каляса.
   «Адкуль яны маглі ўзяць жалеза?» — мільганула такая глупая і непатрэбная ў гэтую хвіліну думка.
   Ён падаўся на крок назад і, адчуваючы, як халадзее і ліпне да шыі стаўшы раптам цесным каўнер, хутка выстраліў у іх ва ўпор. Аўтамат упаў на зямлю — востры камень балюча выцяў руку, другі абадраў твар. Яны ішлі, злавесна пасоўваліся на яго, прыскорваючы свае крокі. Ссутуліўшыся, ён кінуўся быў да машыны. Услед пасыпалася каменне. Матацыкл быў глухі — выгнутая каменем нага не магла даць рады матору. Машына стала раптам чужой, непатрэбнай. Салдат перабег дарогу, скочыў праз канаву і, спатыкаючыся, накульгваючы, бег уздоўж ручая ў глыб лесу. Ён скінуў каску, пояс, хапаючыся, распахнуў і скінуў запыленую куртку. Жанчыны абганялі яго злева, абыходзілі справа. Бегчы станавілася цяжэй. Ногі правальваліся скрозь мох, гразлі ў ліпкай, цягучай твані балота. Занімала дыхаць, каплі поту траплялі ў вочы, засцілі ўсё.
   І тады ён зразумеў, адчуў: нікуды не ўцячы яму больш ад іх. Ніколі не ўцячы яму ад гэтай сівой старой, ад яе вачэй, страшных і няўмольных, напоеных гневам і нянавісцю. Уцягнуўшы голаў у плечы, задыхаючыся, ён упаў на мяккую, падатную зямлю. Панура прашурхацелі пачарнелыя ля самай зямлі асокі, трывожна ўспырхнула напалоханая сарока, ды зямля, усхадзіўшаяся хадуном, уздыхнула буркатліва, працягла.
   Больш ён нічога не чуў і не бачыў.
   А на паляне плакалі дзеці. Некаторыя, большыя, палахліва пазіралі на белы камень ля ручая. Там, на шэрым пяску ля вады, нерухома ляжалі чужыя мамы.
   На прытаптанай траве самотна чарнеў дзіцячы башмачок. Вялікі руды муравей цяжка ўзбіраўся на яго са сваёй ношкай—сухой верасінкай. А калі ўзабраўся, патаптаўся нерашуча на месцы і — чамусьці зжахнуўшыся — спяшаючыся паклаў сваю ношку, імкліва кінуўся ўніз па гэтай нязвыклай для сябе сцяжынцы.
   Чырвоныя ствалы соснаў высока-высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Залацістымі іголкамі прашывалі паветра жоўтыя імклівыя восы. Унізе пахла чабаром, багуном, ледзь улоўнымі пахамі зялёных верасоў.
   А ўнізе навакол цвілі, адцвіталі суніцы.


1942

Похожие статьи:

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Салют

Міхась ЛынькоўМаньчжур. Аналіз апавядання

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Васількі

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Над Бугам

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Міколка-паравоз