Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Віталь Вольскі - Чомга

У лясніцтве

   Быў ясны жнівеньскі вечар, калі я падышоў да будынка лясніцтва ў вёсцы Белы Лясок.
   Да пярэдняй сцяны дома, з абодвух бакоў высокага ганка, былі прыхілены ў некалькі радоў веласіпеды – верная адзнака таго, што ў доме адбываецца сход.
   Я сеў на лаўку пад вязам.
   На ганак выйшла з дзвярэй некалькі чалавек. Не спыняючы ажыўленай гутаркі, яны пачалі разбіраць веласіпеды ці, як тут кажуць звычайна, ровары. За імі высыпала з дому яшчэ чалавек пятнаццаць.
   Сход, відаць, скончыўся. Людзі разыходзіліся і раз'язджаліся ў розныя бакі.
   Крыху пачакаўшы, я ўвайшоў у хату. У пракураным, задымленым памяшканні нікога ўжо не было.
   Я заглянуў у бакавы пакойчык, дзе змяшчалася канцылярыя. Першае, што кінулася ў вочы, была невялікая, дзіўнага выгляду птушка, велічынёю, можа, крыху большая за качку. Яна стаяла на падлозе каля зачыненага акна, выцягнуўшыся на ўвесь рост, і нагадвала сваёй паставай пінгвіна.
   У птушкі была невялікая галава на доўгай, гнуткай шыі. На галаве тырчалі ззаду пучкі пер'я, нібы чорныя рожкі ці вушкі, а вакол шыі тапырыўся старамодны каўнер залаціста-рыжага колеру з цёмна-карычневай, амаль чорнай аблямоўкай. Шчокі, шыя і ўся ніжняя частка тулава былі бліскуча-белыя, з цёмна-ржавымі і зеленаватымі паскамі па баках. Спіна ў птушкі бурая.
   Асабліва характэрнымі былі лапы. Пляскатыя, цёмна-зеленаватага колеру, яны не мелі плавальных перапонак, якія мы прывыклі бачыць на лапах гуся ці качкі. Шырокія пальцы птушкі, кожны паасобку, былі нібы абшыты скуранымі шматкамі. Такіх лап, такога каўняра і такіх рожкаў няма ні ў адной іншай птушкі. Перада мной была паганка, ці, як яшчэ называюць яе, чомга.
   Сваякоў чомгі – гагар – мне даводзілася бачыць у свой час на Карэльскім перашыйку. Я не раз наглядаў летнім ранкам, як гулялі гагары пасля ўсходу сонца на роўнай вадзяной гладзі. Яны ганяліся адна за адной па возеры, пакідаючы пасля сябе серабрыстую дарожку, а потым плылі чародкай, выставіўшы з вады галовы, як перыскоп падводнай лодкі. Гульні гагар на возеры Хэпо-Ярві надоўга засталіся ў маёй памяці.
   Я разглядаў незвычайную птушку з усіх бакоў, а яна з пагрозай раскрывала сваю невялікую, тонкую і вострую на канцы дзюбу і кожны раз моўчкі паварочвала галаву ў той бок, з якога я набліжаўся. Тулава яе пры гэтым заставалася нерухомым. Птушка не змяняла сваёй паставы і не рухалася з месца.
   Супрацоўнікі лясніцтва сказалі мне, што чомгу злавілі на балоце і што заўтра яе аднясуць у заалагічны музей запаведніка.
   На жаль, чалавека, які злавіў гэтую цікавую птушку, тут не было, і я не мог пагаварыць з ім падрабязна. Між тым мне вельмі хацелася хутчэй убачыць паганку на волі.
   Распытаўшы людзей пра мясцовасць, дзе была злоўлена чомга, я на другі дзень рушыў туды адзін.
 

На лясным возеры

   Наперадзе бліснула між кустоў вада.
   Па вузкай, ледзь прыкметнай сцежцы сярод высокіх духмяных траў я выйшаў да невялікага ляснога возера, нізкія берагі якога густа зараслі лазняком, вольхаю, трысцём і асакою.
   Уласна кажучы, гэта было не возера, а лясная рэчка, якая разлілася па балоцістай нізіне, утварыўшы тут невялікую, але даволі глыбокую затоку, акаймаваную з бакоў непраходнымі зараснікамі.
   Цёмным колерам сваёй вады ў рамцы асакі і трысця глухі лясны вадаём нагадваў вядомую карціну Васняцова. I камень тут каля вады нібы той самы, на якім сядзела ў журботным задуменні Аленка.
   Я выбраў сабе зручны назіральны пункт ля раскідзістай дуплаватай вярбы і сяджу ў засені, наглядаю за вадзяным люстрам перад сабой.
   Стары лес высокай і цёмнай сцяной абступіў возера. Па чыстаму сіняму небу павольна плывуць рэдкія белыя воблачкі. Свежае і вільготнае паветра насычана гаркаватым пахам лазы і балотных зёлак.
   У маленькіх затоках між асакі паверхня вады пакрыта зялёнай раскай. Крыху далей, дзе вады больш, зіхацяць на сонцы шырокія, круглыя, нібы наглянцаваныя лісты. Белыя гарлачыкі – русалчыны кветкі, апаэтызаваныя народнай фантазіяй, раскрыліся насустрач сонцу.
   На адным з лістоў сядзіць нерухома зялёная жаба. Пукатыя вочы яе абведзены залацістым абадком. Над вадою лятаюць стракозы. Яны таксама час ад часу садзяцца на бліскучыя цвёрдыя лісты гарлачыкаў.
   У ціхай і цёплай вадзе кіпіць жыццё. Гэта – своеадменны, своеасаблівы свет. Плаваюць залацістыя карасікі. Слізгаюць па паверхні вадамеры. Усплывае, вяслуючы заднімі ножкамі, сур'ёзны вадзяны жук-плывунец.
   Сонца пачынае прыпякаць.
   Я гляджу на цёмную, але чыстую ваду, і мне ўспамінаюцца словы Мапасана: «Ваду я люблю нястрымна: люблю мора, хоць яно занадта вялікае, неспакойнае, непакорнае, люблю рэкі, яны прыгожыя, але толькі яны імчацца міма, яны цякуць, уцякаюць, і асабліва люблю я балоты, дзе трапеча невядомае нам жыццё падводных істот. Балота – гэта асобны свет на зямлі, тут сваё быццё, тут свае аселыя і вандроўныя насельнікі, свае галасы і шолахі, а галоўнае – свая таямніца… Магчыма, таямніца светабудовы! Хіба не ў застойнай, ціністай вадзе, не ў вільготнай зямлі, якая не прасыхае ад сонечнай спякоты, заварушыўся, затрапятаўся і ўбачыў свет першы зародак жыцця?»
   Пачуўся лёгкі, невыразны плёскат. Ледзь улоўны шолах трысця перапыніў мае думкі. Па цёмнай вадзе павольна, амаль непрыкметна плыве невялікі круглы астравок – куча зламаных сцяблоў трысця.
   Гэта – гняздо чомгі.
   Сама чомга стаіць пасярэдзіне свайго плывучага астраўка, як капітан на палубе карабля. У яе тая самая пастава, у якой злоўленая чомга стаяла на падлозе ў доме лясніцтва.
   Лёгкі ветрык падганяе астравок, які падпарадкуецца яго павевам. Павольна пасоўваецца ён па роўнай, крыху пасярэбранай гладзі.
   Вось плывучы астравок прыткнуўся да сцяны чароту і спыніў свой рух. Чомга саслізнула з гнязда і знікла пад вадой. Птушаняты ў яе ўжо выраслі, і цяпер яна карыстаецца гняздом, напэўна, толькі як месцам для адпачынку.
   На другі дзень я зноў убачыў гняздо чомгі, але на гэты раз без гаспадыні. На астраўку знаходзіўся другі пасажыр. Гэта быў вялізны пацук. Ён сядзеў на сцяблах, з якіх было складзена гняздо, паглядаў навокал нахабным позіркам і самаздаволена чысціў пярэднімі лапамі вусы.
   Мяне гэта не здзівіла. Я чуў і раней, што вадзяны пацук выводзіць часам дзяцей у гняздзе чомгі. А можа, ён проста вылез з вады, каб таксама адпачыць на плывучым востраве?
 

Дзіўная птушка

   Чомга – птушка своеасаблівая не толькі з выгляду. Сваімі дзіўнымі звычкамі яна адрозніваецца ад усіх іншых птушак.
   Мне расказвалі ў лясніцтве, што калі чомга плавае па вадзе, малыя дзеці яе сядзяць на спіне ў маткі. У выпадку небяспекі чомга нырае ў ваду разам з імі. Кажуць таксама, што разам з малымі на спіне чомга ўзлятае, калі трэба, у паветра. Такім чынам яна пераносіць сваіх птушанят з месца на месца не толькі водным, але і паветраным шляхам. Спіна маткі ператвараецца для іх з вадаплаўнага судна ў самалёт.
   Жывуць чомгі парамі. Вясной пасярэдзіне плывучага гнязда, на подсцілцы з балотнай травы, самка адкладае тры ці чатыры яйкі. Калі чомга ў выпадку неабходнасці пакідае хоць на кароткі час гняздо па сваіх патрэбах, яна заўсёды маскіруе яйкі, накрываючы іх зверху сцябламі трысця. Вада часам залівае яйкі, але гэта ім не шкодзіць. Спачатку яйкі чомгі маюць белы колер, але праз некалькі дзён, з прычыны таго, што ляжаць на гнілых раслінах, яны робяцца бурымі і, нарэшце, цёмна-зеленавата-карычневымі. Чомгі, самец і самка, сядзяць на яйках па чарзе. Пазней, калі птушаняты выведуцца і падрастуць, бацька пакіне сям'ю і будзе трымацца асобна.
   Ногі ў чомгі настолькі адсунуты назад, што яна амаль не ходзіць і на зямлі можа стаяць, толькі абапіраючыся на кароткі хвост. Каб рухацца па зямлі, чомга павінна паўзці, прыпадаючы грудзьмі і абапіраючыся на крылы. Узняцца з зямлі ў паветра чомга не можа. Яна ўзлятае толькі з вады – спачатку шпарка плыве, лопаючы крыламі і высунуўшыся напалову з вады, потым, узяўшы разгон, адрываецца ад вадзяной паверхні.
   Затое плавае і нырае чомга надзвычай добра, шпарка і спрытна.
   З выраю чомгі вяртаюцца ў красавіку і жывуць на радзіме да лістапада. Кормяцца яны дробнай рыбай, вадзянымі насякомымі, рачкамі, жабкамі, апалонікамі. Восенню, перад адлётам, чомгі збіраюцца ў чароды.
   Некалькі дзён правёў я на лясным плёсе, заўсёды на тым самым месцы каля дуплаватай вярбы. Адсюль добра было наглядаць за ўсім люстрам вадаёма, але ўбачыць яшчэ раз чомгу мне не ўдалося.
   Чомга сустракаецца часта на рэках і азёрах Палесся, а гагары, блізкія сваякі чомгі, вядуцца на Князь-возеры і на Прыпяці.

1957 г.

Похожие статьи:

БиографииВіталь Вольскі

БиографииАртур Вольскі

Артур ВольскіАртур Вольскі - Вожык-дзівачок

Віталь ВольскіВіталь Вольскі - Несцерка

Артур ВольскіАртур Вольскі - Пагоня