Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Віталь Вольскі - Верасень

   Верасень лічыцца па календары першым месяцам восені.
   Сады і лясы змяняюць паступова сваю летнюю зялёную вопратку на асенняе ўбранне. Лісце на дрэвах пачынае жаўцець, набываючы розныя колеры і адценні. Сярод цёмных вечназялёных лапак ялін і сосен зіхаціць залатое лісце бяроз, ліп, клёнаў, вольхі.
   У садах паспелі яблыкі, грушы.
   У высокім сінім небе не чуваць ужо над полем звонкага спеву жаваранка. Не відаць у садах ні берасцянкі, ні чыжыка, ні шпакоў. Даўно ўжо няма салаўя. Па каменнях каля рэчкі не скачуць жвавыя пліскі. Усе гэтыя птушкі паляцелі на поўдзень, і мы іх не ўбачым да наступнай вясны.
   Вада ў рэчках і азёрах празрыстая і халодная.
   Мянтуз пакідае сваё летняе сховішча пад берагам і пачынае жыраваць у мелкай вадзе.
   Плоткі, акуні, галаўні, язі і іншыя рыбы збіраюцца ў чароды і шукаюць глыбейшых мясцін.
   Толькі шчупак па-ранейшаму палюе ў адзіноцтве, але і ён ідзе ў глыб вадаёмаў.
   У пачатку восені рыбы ў рэках і азёрах харчуюцца асабліва ўзмоцнена. Яны назапашваюць тлушч, які дапаможа ім перажыць зіму ў халоднай вадзе пад лёдам. З надыходам халадоў рыбы становяцца ўсё менш рухавымі і паваротлівымі.
   Пакінулі свае дазорныя вышкі канюкі, пільныя абаронцы палёў ад шкодных мышэй-палёвак.
   На апусцелых нівах палёўкам няма чаго рабіць. Яны перабіраюцца бліжэй да чалавека і да збожжа – у гумны, хлявы, скляпы і стайні. Следам за палёўкамі перасяляюцца сюды на зіму і ласкі. Ад маленькай і спрытнай ласкі палёўкам цяжка схавацца. Маючы доўгае гнуткае тулава на кароткіх ножках, ласка можа пралезці за мышамі ў самую вузкую шчылінку, у самую цесную норку.
   Палёўкі застаюцца на зіму ў полі толькі ў тым выпадку, калі яны здолелі на працягу лета назапасіць у норках пад зямлёй дастатковую колькасць збожжа і насення розных раслін.
   Перабіраюцца палёўкі і ў лес, калі там хапае арэхаў і жалудоў. Тут іх ловяць лісіцы і барсукі.
   Восенню барсукі наведваюць часам агароды, дзе любяць пажывіцца морквай і буракамі.
   Адкарміўшыся за лета, яны ў верасні пачынаюць рыхтавацца да халоднай зімы.
   Барсукі прыводзяць у парадак нару, выкідваюць з яе рознае смецце, высцілаюць сваё логава лісцем і сухой травой, затыкаюць мохам усе выхады з нары, каб было цяплей. Адначасова яны робяць і харчовыя запасы, якімі жывяцца позняй восенню, калі не выходзяць з нары па некалькі дзён. З надыходам халадоў, звычайна ў сярэдзіне лістапада, тлустыя і лянівыя барсукі засынаюць у сваіх логавах, таксама як і мядзведзі ў бярлогах.
   Чародамі збіраюцца на балотах у верасні дзікія качкі і жыруюць, рыхтуючыся да выраю.
   Маладыя жоравы таксама збіраюцца разам з бацькамі ў вялікае падарожжа. Яны вучацца лятаць строем, трыкутнікам і, пакінуўшы роднае балота, дзе нарадзіліся і выраслі, робяць для практыкі пробныя палёты над ваколіцай.
   Харчуюцца жоравы цяпер не толькі на балотах, дзе яны ядуць розных чарвякоў, лічынак, жабак і карэнне балотных раслін, але і на палях. У канцы лета і ў пачатку восені яны трымаюцца бліжэй да палеткаў, куды прылятаюць харчавацца на золку. Асабліва любяць яны гарох.
   Адлятаюць жоравы ад нас у кастрычніку. Гучным крыкам, нібы баявымі трубамі, абвяшчаюць яны ўсяму свету аб тым, што пачынаюць свой вялікі пералёт у цёплыя краі на зімоўку. Адзін за адным, у стройным парадку, узнімаюцца ў паветра і адразу набіраюць вышыню трыкутнікі жораваў. На чале кожнага кліна ляціць стары вопытны павадыр. Ляцяць яны высока над зямлёй. Першы вялікі прыпынак жоравы робяць у вусці Дуная. Так далятаюць яны да Егіпта.
   На чужыне, y час зімоўкі, жоравы трымаюцца разам, вандруючы ўздоўж рэк. Яны дабіраюцца ўверх па Ніле аж да вытокаў яго ў Судане і Эфіопіі. Потым ляцяць назад і з надыходам вясны вяртаюцца на радзіму.
   Набліжаючыся да родных мясцін, жоравы разбіваюцца на асобныя групы, а далей – на пары і гняздзяцца на балоце, дзе нарадзіліся, на купінах, каб можна было з вышыні свайго гнязда аглядаць ваколіцы...
   У верасні ночы становяцца халоднымі. Раніцай на траве, на лістах хмызняку зіхацяць буйныя кроплі халоднай і чыстай расы. Над балотамі, над паплавамі сцелецца густы туман.

 

Похожие статьи:

Алесь ГарунАлесь Гарун - Восень

Ніна МацяшНіна Мацяш - Восень

ВВосеньскія песні

Алесь СалавейАлесь Салавей - Восень

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Залатая, асенняя раніца...