Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Хомчанка - Сустрэча з цудам

Увага!!! Поўны змест

   Гэта была звычайная паездка ў лес, але яна так уразіла Віцю, так шырока расчыніла перад ім свет, што яму здавалася, быццам ён пасталеў адразу на некалькі год.
   У суботу вечарам Віця прыйшоў дамоў са двара злосным і няшчасным чалавекам. Нагрубіў маці, ударыў нагой кошку, спіхнуў са стала сваю пажарную машыну, і ў ёй пагнуўся радыятар. У тыя хвіліны Віця лічыў, што лепш было б памерці – вось так легчы на канапу і не падняцца. Плакала б маці, зараўла б на ўвесь двор суседская Юлька – яна часта раве. I, самае галоўнае, адпомсціў бы рыжаму Пецю. Хай ведаў бы...
   – Што з табою? – спытала маці.
   – Нічога.
   – А навошта ты машыну паламаў?
   – Паламаў.
   – Кошку за што ўдарыў?
   – Ударыў, і ўсё.
   Маці памацала Віцеў лоб, сказала, каб высунуў язык, але Віця вырваўся і выбег на балкон.
   Няшчасце Віцева было ў тым, што Пеця, рыжы Пеця, з якім яны калісьці разам гулялі ў адной пясочніцы, разам тры гады хадзілі ў адзін дзіцячы сад, жылі ў адным пад’ездзе і кожны дзень па некалькі разоў званілі адзін аднаму па тэлефоне, гэты самы Пеця не даў яму першаму запусціць змея. Змея зрабіў старэйшы Пецеў брат. Пеця запусціў яго сам, прабег з ім па двары, потым аддаў нітку Васю, потым Юльцы, потым Додзіку (Давіду). А Додзік жа толькі заўчора пераехаў у іхні дом. Тады пакрыўджаны Віця вырваў у Додзіка нітку і адпусціў яе. Змей чмякнуўся вобземлю. На Віцю наляцелі Пеця, Вася, Юлька, адзін даў кухталя ў спіну, другі – у бок. Юлька дзвюма рукамі штурхнула ў грудзі. Вядома, і Віця некага штурхнуў, некага стукнуў, але яму папала больш. Толькі Додзік не біўся, а стаяў і гаварыў: «Прабачце, калі ласка. Прабачце, калі ласка...» Юлька зараўла, Віця таксама не стрымаў слёз і ўцёк дамоў.
   I вось цяпер, няшчасны і пакрыўджаны, ён стаяў на балконе, пазіраў уніз на вуліцу, і машыны, тралейбусы, людзі – усё, што бачылі вочы, мільгала, плыло, злівалася, быццам ён глядзеў скрозь ільдзінку...
   Калі Віця вярнуўся ў пакой, маці зноў кінулася мацаць яму лоб і пытаць: «Што з табой? Што?»
   А бацька супакоіў яе:
   – З хлопчыкамі, відаць, пабіўся. Што ж яшчэ.
   Ён сядзеў у крэсле і чытаў газету.
   – Хочаш, я табе заўтра нешта цікавае пакажу? – спытаў ён.
   «Вельмі ўжо і цікавае, – недаверліва падумаў Віця. – У кіно возьме з сабою».
   – Заўтра мы паедзем у грыбы. На машыне дзядзькі Міколы.
   Гэта было сапраўды нешта новае для Віці, бо дагэтуль ён ніколі не быў у лесе і не збіраў грыбоў.
   Засынаў ён увечары доўга. Па-ранейшаму было прыкра на душы. Перад вачыма стаялі то змей з сінім хвастом, то раз’юшаны твар Пеці, то нясмелы Додзік з яго надакучлівым: «Прабачце, калі ласка». А калі ўжо Віця кудысьці правальваўся, бліснуў сіні агонь «Волгі», пабеглі міма высачэзныя грыбы, як тыя, што стаяць на пляжы, закружыліся, заскакалі, заківалі сваімі шырокімі шапкамі...
   Разбудзіў Віцю званок. Ён саскочыў з ложка і адчыніў дзверы. Увайшоў дзядзька Мікола, вясёлы, у новенькім капронавым капелюшы. Ён паціснуў і патрос Віцеву руку.
   Бацька фыркаў пад кранам, маці бегала па пакоях, збірала рэчы на дарогу, а пасля ўсе пакутліва доўга снедалі. Віця паспеў разоў дзесяць спусціцца з другога паверха да «Волгі» і падняцца назад, а маці ўсё збіралася.
   – Паехалі, мамачка, ну паехалі!
   На Віцю былі штаны з мноствам кішэняў і металічнымі заклёпкамі, кашулька навыпуск. I вельмі шкадаваў Віця, што ў гэты ранні час не ведаюць рыжы Пецька і Юлька, куды ён едзе.
   Нарэшце гатова маці. Крэкнуў і падняўся бацька. Спружыны крэсла весела брынкнулі, і, быццам у адказ ім, на вуліцы даў кароткі нецярплівы сігнал дзядзька Мікола.

   Віця сядзеў побач з дзядзькам Міколам, маці і бацька – ззаду.
   Бацька маўчаў і сонна плюскаў вачыма. Ён і заснуў бы, ды маці штурхала яго, гаварыла, чаму ён не любуецца прыродай.
   А цікавае пачалося адразу за ўскраінай – жоўтае зжатае поле з раскіданымі па ім копамі саломы. Гракі ўсыпалі ўсё ржышча, і яно здавалася жывым, нібы рухалася. Машын гракі не баяліся, хадзілі паўз дарогу, не адляталі, нават калі Віця крычаў на іх, высунуўшыся з машыны. Пасвіліся каровы – і ўсе чырвоныя. Малады пастух у целагрэйцы ляскаў пугай. Потым «Волга» ўляцела ў драбналессе, а праз якія пяць хвілін да дарогі падступілі вялікія шыракалапыя елкі. Іх лапы сашчэпліваліся над дарогай, быццам здароўкаліся. Дарога, да гэтага сонечная, пацямнела.
   – Зараз я вас у грыбное царства завязу, – сказаў дзядзька Мікола.
   I ён павярнуў крута ўлева. Машына шмыгнула ў шчыльную сцяну маладых елачак. Зашорхала па шкле і дзверцах голле. Запахла смалой. З ельніку выехалі на светлую, вясёлую паляну. На бярозах, рыжых ствалах сосен трымцелі сонечныя зайчыкі, варушыліся галінкі, трапятала лісце, што сыпалася долу, ззяла белае павуцінне.
   – Грыб бачу! Грыб! – закрычаў Віця і па пояс высунуўся з акна.
   Дзядзька Мікола спыніў машыну.
   I сапраўды – тут было царства грыбоў! Віця выскачыў з машыны першы, забегаў, пачаў поўзаць на каленях, тыцкаць пальцам у пругкія шапкі баравікоў, падскакваў ад радасці і крычаў: «Гэта мой, мой!»
   Грыбы стаялі на ўвесь рост, смела і прама, як салдаты. Старыя грыбы паапускалі шапкі, ім ужо было цяжка стаяць. А самыя маленькія, быццам дзятва, гулялі з Віцем у хованкі: схаваюцца пад лісцікі і паспрабуй знайдзі іх.
   Бліснуў у руках дзядзькі Міколы нож, стукнулі аб дно кошыка першыя баравікі...
   Бацька вылез з машыны апошнім. Пацягнуўся, зірнуў на гадзіннік і, надзеўшы на руку кашолку, пайшоў у лес далей.
   А маці ў лесе было спачатку сумна. Яна палохалася кожнай казюркі, таму хадзіла ўзад-ўперад па адной і той жа сцяжынцы, часта і настойліва клікала бацьку. Той спачатку голасна і ахвотна адклікаўся, а пасля сціх і не адказваў.
   – Валодзя! Вало-одзя-я! – клікала маці што ёсць сілы.
   – ...а-а-а! – перадражнівала яе рэха, а бацька маўчаў.
   Дзядзька Мікола – з кошыкам у левай руцэ, з ножыкам у правай – кружыўся, як зачараваны, між бяроз, аблітых сонечнымі праменнямі. Пад старой асінай, дзе зямля была ўсеяна апалым лісцем, нібы меднымі пятакамі, дзядзька Мікола спыніўся, паставіў кошык і пляснуў рукамі:
   – Ах ты, дзіва маё!
   Там з аднаго гнязда, не хаваючыся ад чужога вока, расло штук дваццаць баравікоў. Бурыя шапачкі іх мокра паблісквалі ад расы.
   Высока падымаючы ногі, каб часам не наступіць на грыб, дзядзька Мікола хадзіў вакол баравікоў, і яму шкада было зразаць такое дзіва.
   Маці кудысьці адышла і маўчала. Можа, і ёй што цікавае надарылася.
   Калі дзядзька Мікола пазразаў пад асінай грыбы, падаліся далей і натрапілі на ручай. Ён разліваўся шырока, у зарасніку чароту і рагозу рассыпаўся на мноства струменьчыкаў і толькі каля алешыны, зусім яшчэ па-летняму зялёнай, падмываючы яе карэнні, зноў збіраўся ў адзін паток. Алешыну раскалола навальніца. Віця нават засунуў руку ў расколіну – такая яна была вялікая. Тут жа на лужку раслі ў траве рыжыкі. Дзядзька Мікола поўзаў на каленях, збіраў рыжыкі і гаварыў, што такую неруш сустрэў у жыцці ўпершыню.
   Праз нейкі час да іх падышла маці. Кошык яе быў цяжкі, маці несла яго, выгнуўшыся набок і адставіўшы левую руку.
   – Зірніце, ну зірніце! Поўна лісічак, – паставіла яна кошык. – Хто сказаў, што я не грыбнік?
   – Грыбнік, мамачка, грыбнік, – паспешліва згадзіўся Віця.
   Пахваліў яе і дзядзька Мікола.
   – Цудоўныя лісічкі, – сказаў ён.
   Дзядзька Мікола, а за ім і Віця разуліся, закасалі штаны і палезлі ў ваду па чорныя катахі рагозу. Выламалі па аднаму. Вада была халодная, і Віця нават без загаду маці сам выскачыў на бераг і хуценька абуўся.
   Па пясчанай жоўтай касе бегалі кулічкі. Віця засунуў пальцы ў рот і свіснуў. Кулічкі паляцелі, дробна трапечучы крыльцамі. I зусім нечакана, амаль з-пад самых ног шумна шаркнулі па вадзе два яркапёрыя качары.
   Вада ў ручаі, пранізаная сонцам, была празрыстая, а травінкі на дне, прыгнутыя плынню, прасвечвалі, нібы шкляныя ніці.
   Потым яны ўтраіх вярнуліся да машыны, чакалі бацьку, збіралі і елі брусніцы. У лесе было бязветрана і ціха. Толькі на самай верхавіне елкі звонка і радасна заліваўся дрозд. Потым дрозд пераляцеў ша бярозу, і з яе пасыпаліся лісцікі. Яны павольна падалі долу, паблісквалі кроплі расы на іх.
   Вось адзін лісток раптам павіс у паветры надоўга – зачапіўся за павуцінку.
   Віця гукнуў бацьку, і той неўзабаве вярнуўся да машыны. Быў ён расчырванелы і нейкі сярдзіты. Усе зазірнулі ў яго кашолку, на дне якой перакочвалася некалькі абабкаў, і засмяяліся.
   – Грыбнік, – сказала маці і паднесла да бацькі свой кошык. – Зірні, колькі назбірала.
   Бацька толькі скасавурыўся на яе кошык.
   – Пень я стары, – пачаў ён лаяць сябе. – На возеры качак процьма. А я стрэльбу не ўзяў. Пень.
   Цяпер усе зразумелі, што бацьку было не да грыбоў, ён хадзіў ажно на возера.
   – Тата, – сказаў Віця радасна. – Давай заўтра са стрэльбай прыедзем.
   Ужо можна было б і дамоў вяртацца, але ў лесе было так хораша, што ніхто першы не хацеў гаварыць пра гэта. Паляўнічая душа бацькі не знаходзіла спакою. На крык качак, свіст рабчыкаў ён ускідваў галаву, напружана прыслухоўваўся. Рантам ён па-хлапечы порстка падхапіўся і пабег да ручая. Прынёс адтуль чараціну, на хаду стругаючы яе ножыкам. Зрабіў вабік. «Свісь, свісь, – піскнуў ён. – Свісь...» I Віцю захацелася свіснуць. Ён узяў у бацькі вабік і засвістаў так удала, што ў ціхім лесе яму адклікнуліся такім жа свістам. Бацька замахаў на ўсіх рукамі, хоць ніхто і так не варушыўся. Віця свіснуў цішэй, і зноў хтось адклікнуўся. Бацька прысеў каля елачкі, рукой паказаў, каб усе прыселі, схаваліся. Віця свіснуў коратка, ціха. I раптам над самай галавой яго – фыр-р-р! – затрапяталі крылы прыгожай шэрай птушкі.
   – Рабчык! – не вытрымаў, крыкнуў дзядзька Мікола, і птушка шмыгнула ў голле сасны.
   – Пень я, пень, – ужо не злосна, а з сумам сказаў бацька. – Стрэльбу забыў.
   Пад самы вечар выехалі на шашу. Бацька няўклюдна сядзеў ззаду. Ён варушыў губамі, мабыць, усё яшчэ лаяў сябе, што забыў стрэльбу. Маці трымала на каленях кошык з грыбамі і шчасліва ўсміхалася.
   А Віця ўпершыню за ўвесь дзень успомніў пра ўчарашнія непрыемнасці, пра сварку з Пецем, Додзікам, Юлькай, і яму зрабілася прыкра. Віцю захацелася, каб учарашні дзень вярнуўся на тыя дзесяць хвілін, калі ўсё здарылася. Усё б зрабіў ён па-іншаму.
   Віця ўздыхнуў цяжка, з раскаянием і вырашыў, што сёння ж усё паправіць: Пецю аддасць катах рагозу, Юльку пачастуе брусніцамі, якіх ён назбіраў поўную кішэню. А Додзіку скажа: «Прабач, калі ласка» .
   – Мама, я харошы? – павярнуўся ён назад.
   – Харошы.
   – Мамачка мілая! – Віця перагнуўся цераз сядзенне, абхапіў маці за шыю і пацалаваў. Потым падцягнуўся да бацькавай галавы і цмокнуў у макаўку. – Дзякуй вам.
   Бацька расплюшчыў вочы.
   – За што?
   Віця маўчаў, бо яму прыйшлося б доўга расказваць, чаму ён сёння такі і завошта дзякуе. Ён сёння шчаслівы чалавек, бо сустрэўся з цудам. Ён павінен быў бы расказаць пра баравічкоў, што хаваліся пад лісцікамі, пра шырокі празрысты ручай, свіст рабчыка, белыя ствалы бяроз з сонечнымі трапяткімі зайчыкамі на іх, пра песню дразда, пра ўсё-ўсё, з чым ён сустрэўся сёння ўпершыню ў жыцці...
   Ён раскажа пра гэта Пецю, Юльцы, Додзіку, калі прыедзе дамоў.
   Ціха шапацелі колы па ўсланай мяккім лісцем дарозе. Вецер струменем уліваўся ў акенца, уздыбліваў Віцевы валасы. Віця, падаўшыся ўперад, сачыў за дарогай, і трапяткая ўсмешка не сыходзіла з яго твару.

Похожие статьи:

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Звон пад зямлёй

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Білеты у цырк

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Янкава рукавічка

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Дзве Дашы

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Яблык