Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Барыс Сачанка - Кошык малін

Увага!!! Поўны змест
   Навальніца дагнала мяне, калі я не ад’ехаў і кіламетра ад лесу. Я націскаў, як толькі мог, на педалі, чуючы, што за спіною вуркоча гром, але ўсё роўна ўцячы ад дажджу не ўдалося, – дарога скрозь вузкая, караністая, і шмат дзе трэ было каціць веласіпед.
   Бліснула маланка, і з грукатлівым абвалам грому секануў лівень. Я спыніўся і хуценька пачаў адвязваць ад багажніка плашч, які, выязджаючы з дому, захапіў на ўсякі выпадак, бо пякло і парыла.
   Палявая дарога ў момант раскісла, усюды пабеглі ручайкі, і ў калдобінах заблішчэлі каламутныя лужыны. Чорт ведае што рабілася ў небе! Бы там нябачны хто мяшаў вялізнай мешалкаю незвычайнае варыва, – хмары дыбіліся, лезлі адна на адну...
   Плашч мала ратаваў ад дажджу, і я, пастаяўшы, пакаціў памаленьку веласіпед да вёскі, што відаць была кіламетры за тры ад лесу. Раптам бачу: расплёскваючы лужыны, у падкасаных штоніках бяжыць, прыкрыўшы рукамі галаву, напярэймы мне хлапчук. Яшчэ здалёку крычыць:
   – Дзядзечка, дайце плашча!.. Маліны мокнуць... Цэлы кошык малін!..
   Я глянуў, куды паказваў рукою хлопчык. Скрозь сівую сетку дажджу я ўгледзеў у полі, ля куста вербалозу, жанчыну... Нядоўга думаючы, я кінуў на абочыну дарогі веласіпед, а сам сігануў цераз поле проста да жанчыны. Яшчэ на бягу падаў плашч, і тая прыкрыла ім паўнюткі кошык спелых і буйных, апырсканых дажджом, малін і, выпрастаўшыся, сказала неяк ціха, гледзячы ў вочы:
   – Хай вас бог беражэ. А то я ўжо думала, прападуць маліны... Мы ж цэлы дзень петаваліся, каб варэнне зварыць. Сын у мяне ў горадзе. На заводзе...
   Дождж ліў як з вядра, а жанчына і хлапчук стаялі і моклі, не прыкрытыя нічым, і радаваліся, што не прападуць маліны. За кампанію мок і я, думаючы пра маці, родную, бясконца дарагую маці, якая гатова на ўсё, абы толькі прынесці хоць трошкі радасці дзецям...

1960 г.

Похожие статьи:

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Сляды

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Хлеб

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Карчоўнік

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Ля даўняга селішча

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Зерне і млын