Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Анатоль Кудравец - Падарунак

   Вавёрачку прынёс бацька з лесу. Ён расказаў, як яны павалілі тоўстую асіну, пачалі крыжаваць яе і раптам пачулі глухі кволенькі галасок. Доўга не маглі зразумець, адкуль ён. Галасок ішоў з дрэва, з дупла. Пашырылі сякерай дупло і дасталі адтуль маленькае шэра-карычневае стварэнне з круглымі, як канапляныя зярняты, чорнымі вочкамі і фігурна закручаным хвосцікам. Вавёрачка!
   Дзіўна, але яна адразу стала свойскай – лёгка ішла на рукі, брала з далоні семкі, арэшкі, хлеб.
   – Малое – дурное, – жартаваў бацька і дазволіў Івану выхоўваць яе так, як атрымаецца. Іван так і выхоўваў яе, а правільней, дазваляў рабіць усё, што яна хацела.
   Вавёрачка нікога і нічога не баялася – ні людзей, ні Мурзіка, ні кошкі. Праўда, Мурзік спачатку быў загырчаў, нават наструніў хвост, але бацька паківаў пад носам у таго пальцам: «Ну-ну!» – і ўсё стала на сваё месца. А кошка адразу ўзяла вавёрачку ў сваю кампанію: печ вялікая, месца хопіць усім.
   Так і пайшло жыццё далей. Вавёрачка падрастала, хоць разумнейшая і не станавілася, была ўсё такая ж даверлівая і ручная. Іван браў яе ў школу, і яна ціха сядзела ў кішэні яго пінжака, высунуўшы чорны носік, ці, скруціўшыся, спала там у цяпле. Браў з сабой, калі ішоў да каго-небудзь з сяброў, і зноў яна ніколі не надакучвала: сядзела сабе ціхенька ў дамку-кішэні, а калі нават яе даставалі адтуль – паскача па стале, па руках, плячах і зноў шусь назад у кішэню.
   За лета вавёрачка вырасла, поўсць яе распушылася, стала бура-серабрыстая, бліскучая, а хвост – што той шалік: легла і накрылася. Пад Іванавым акном расла разгатая пепінка. Іван расчыняў акно ў сад, і вавёрачка лёгка пераскоквала з падаконніка на галінку, з галінкі – далей у сад. Але варта было Івану ціхенька пасвістаць – цю-цю-цю! – і яна зноў тут, каля акна.
   З часам у вавёрачкі з’явілася тайна – яна пачала хавацца. Тут ёсць – тут няма. І ніхто, нават Іван, не ведаў яе схованкі. Вось толькі што была на вачах, а тут раз – і прапала. Можна было перавярнуць увесь дом, а яе не знойдзеш. Потым – раз, як з неба, – скок, і сядзіць ужо на печы. Смех дый годзе!
   Пад восень вавёрачка пачала затрымлівацца ў садзе даўжэй і даўжэй. Але Івана гэта не турбавала: нікуды не дзенецца, захоча есці – вернецца. І праўда, яна вярталася. Потым маці ўбачыла ў садзе не адну, а дзвюх вавёрачак: яны гулялі, скакалі адна за адной, весяліліся.
   Начаваць вавёрачка прыйшла гэтым разам дамоў. Але назаўтра нанач не вярнулася. Не вярнулася яна і на другі, і на трэці дзень.
   Пагараваў, пагараваў Іван і змірыўся: што ж, мусіць, вавёрачка пайшла дамоў, у свой лес. А паколькі іх бачылі ў садзе ўдзвюх, то ёй не будзе там сумна, не прападзе. Суцяшаў яго гэткімі словамі і бацька: кожны любіць волю – і чалавек, і звер.
   Надышлі халады, трэба было цёпла апранацца, і Іван успомніў пра новае паліто, што яны летам купілі разам з маці. Яно ўвесь час вісела на вешалцы за печчу.
   Зняў Іван паліто з вешалкі, сунуў руку ў рукаў, і адтуль, як з мяшэчка, пасыпаліся арэхі, цукеркі, сухарыкі. «Ну і вавёрачка, ну і малайчына! – падумаў Іван. – Гэта ж, мусіць, так яна вырашыла аддзячыць за ўсё добрае, што зрабіў для яе».
   Апрануў Іван паліто, павярнуўся перад маці, – тая і рукамі ўспляснула. На спіне, якраз насупраць рукава, у паліто была акуратна прагрызена круглая, велічынёю з яблык, дзірка. А за ёю, у рукаве, вата, саломінкі, ніткі – сапраўднае ўтульнае гняздзечка. Дык вось куды хавалася вавёрачка, дык вось чаму ніхто не мог яе знайсці!
   Але гэта быў ужо другі «падарунак».

Похожие статьи:

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Смерць нацыяналіста

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Бацька

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Жулік

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Цітаўкі

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Елачка