Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Імпрэсіянізм

   Імпрэсіянізм (франц. impression – уражанне) – літаратурная плынь, якая зарадзілася амаль адначасова з сімвалізмам (Н. Кубарава, адзін з аўтараў падручніка «Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.– М., 2000», сцвярджае нават, што імпрэсіянізм існаваў у рамках сімвалізму) і першапачаткова найбольш поўна заявіла аб сабе не ў літаратуры, а ў жывапісе. Менавіта па гэтай прычыне Е. Лявонава зазначае, што «існаванне імпрэсіянізму як метаду прызнана ўсімі даследчыкамі літаратуры; бытаванне ж імпрэсіянізму як літаратурнай плыні, напрамку шмат каму ўяўляецца праблематычным, бо ён (у адрозненне ад жывапіснага) не знайшоў такога глыбокага тэарэтычнага абгрунтавання, як, напрыклад, натуралізм ці сімвалізм. У той жа час існуе думка, згодна з якой адсутнасць маніфестаў ужо сама па сабе з’яўляецца характэрнай прыкметай менавіта гэтай плыні ў літаратуры».
   Зараджэнне імпрэсіянізму адносяць да 60-70-х гг. ХІХ ст., калі цэлая група мастакоў заявіла аб прынцыпова новай якасці жывапісу. У 1874 г. адбылася першая выстава мастакоў-імпрэсіяністаў (Э. Манэ, К. Манэ, Э. Дэга, О. Рэнуара і інш.), іранічную нататку аб якой пад назвай «Выстава імпрэсіяністаў» (менавіта такая назва ўзнікла ў выніку адштурхоўвання ад наймення карціны К. Манэ «Уражанне. Усход сонца») напісаў адзін з тагачасных парыжскіх журналістаў Л. Леруа. З лёгкай рукі дадзенага рэпарцёра імпрэсіянізм як тэрмін быў прыняты самімі мастакамі і замацаваўся за новай з’явай у мастацкім жыцці Францыі.
   Імпрэсіяністычны жывапіс з самага пачатку быў успрыняты як выклік афіцыёзу ў мастацтве, як бунт супраць традыцыйных уяўленняў аб кампазіцыі, малюнку, каларыце і г. д. Асноўныя прыкметы жывапіснага імпрэсіянізму – святланоснасць альбо эфект пленэрнасці (ад франц. рlеіn аіr – адкрытае паветра), акцэнтаванне ўвагі на бесперапынных зменах, «пераходных» станах прыроды, фіксацыя ўражанняў і адчуванняў, узбагачэнне колеравай палітры разнастайнымі адценнямі, кампаноўка карціны па прынцыпу імгненнага здымка ці выпадкова спыненага кадра. Уяўная неўраўнаважанасць, фрагментарнасць кампазіцыі карціны, нечаканыя ракурсы – таксама прыкметы імпрэсіянізму як мастацкага метаду і стылю.
   Імпрэсіянізм быў мастацтвам дэмакратычным, у ім адсутнічалі элементы выключнасці, каставасці.
   Літаратурнаму імпрэсіянізму ўласцівы фрагментарнасць, адрывістасць расповеду, «стэнаграфаванне» асобнага, канкрэтнага, выключная ўвага да дэталі, да найтанчэйшых нюансаў, паўценяў, паўтонаў у характары, з’яве, прадмеце, сапраўды імпрэсіяністычная жывапіснасць у перадачы колеру, каларыту, стану, перавага такіх адчуванняў, як няпэўнасць, расплывістасць, недагаворанасць, зыбкасць, хісткасць. Можна канстатаваць, што імпрэсіянізм – форма мастацкага спасціжэння чалавека і свету, але форма асаблівая, калі суб’ектыўнае ўражанне мастака ад рэальных прадметаў і з’яў займае вядучае месца, пераважае над аб’ектыўным пачаткам. Вялікая ўвага надаецца музычнасці, меладычнасці твора.
   Найбольш вядомыя прадстаўнікі імпрэсіянізму ў літаратуры – гэта П. Верлен, браты Э. і Ж. Ганкуры, Ж.К. Гюісманс (Францыя), Р.М. Рыльке, Г. фон Гофмансталь, А. Шніцлер (Аўстрыя), О. Уайльд (Англія), К. Бальмонт, I. Аненскі (Расія).
   Імпрэсіянізм выявіў сябе і ў беларускай літаратуры, аб чым сведчаць лірыка Максіма Багдановіча, ранняя проза Змітрака Бядулі, Ядвігіна Ш., многія вершы паэтаў беларускай эміграцыі, у прыватнасці, Наталлі Арсенневай (у апошняй, а таксама ў творах некаторых іншых беларускіх паэтаў ёсць нават вершы з назвай «Імпрэсія»), М. Сяднёва, Я. Юхнаўца і інш., а таксама беларускі жывапіс (карціны Язэпа Драздовіча, В. Бялыніцкага-Бірулі). Шэраг твораў французскіх імпрэсіяністаў быў перакладзены беларускімі паэтамі. Асабліва многа ў гэтым плане зрабіў М. Багдановіч, які адаптаваў да нашай культуры аж 22 вершы П. Верлена.
   Некаторыя імпрэсіяністычныя мастацкія прыёмы атрымалі далейшае развіццё ў авангардысцкіх літаратурных напрамках XX ст., у прыватнасці, у «плыні свядомасці» (Дж. Джойс, М. Пруст, У. Фолкнер), «новым рамане» ці «неарамане» (Н. Сарот) і інш.