Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ідэя

   Ідэя (ад гр. idea — ідэя, першавобраз, ідэал) — асноўная думка, увасобленая ў літаратурным творы, ва ўсёй сістэме яго вобразнага ладу.
   Ідэя твора залежыць ад характару эстэтычнага і грамадскага ідэалу пісьменніка. Як і сам мастацкі твор, ідэя неадназначная. Яна можа спасцігацца не адразу, прычым, у залежнасці ад светапогляду, ідэалаў, пазіцый успрымальніка мастацкага твора.
   Так, асноўная ідэя "Новай зямлі" Якуба Коласа — узвелічэнне беларускага селяніна і сялянскай працы ўвогуле — сёння дапаўняецца і выпакутаваным у час бальшавіцкага эксперымента па рассяляньванні краіны сцвярджэннем: "свая зямля — ўсяму аснова".
   Часам ідэя аўтарская можа не супадаць з той высновай-думкай, якую ўспрымае з твора чытач або крытык (т. зв. ідэя аб'ектыўная твора).
   Як падкрэсліваў М. Горкі, "жывы матэрыял можа аказваць супраціўленне сімпатыям і антыпатыям мастака". Так у свой час здарылася, у прыватнасці, з камедыяй М. Гогаля "Рэвізор" і раманам І. Тургенева "Напярэдадні", у якіх крытыкі В. Бялінскі і М. Дабралюбаў (а разам з імі ці ўслед за імі і асобныя чытачы) убачылі не столькі тое, "што хацеў сказаць аўтар, колькі тое, што сказана ім" (М. Дабралюбаў).
   У вялікіх па аб'ёме творах (эпапеях, раманах, аповесцях, паэмах) у выніку пастаноўкі і вырашэння аўтарам асобных праблем можа быць шэраг ідэй, якія падначалены галоўнай ідэі твора. У такім выпадку гэтае кола ідэй называюць ідэйным зместам літаратурнага твора.
   Ідэя непарыўна звязана з тэмаю. Таму ў крытыцы часам ужываюць паняцце ідэйна-тэматычная аснова твора.