Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ідэйнасць

   Ідэйнасць (ад гр. idea - ідэя, першавобраз, ідэал) у літаратуры - выяўленне адносін пісьменніка да грамадскіх жыццёвых з'яў з пункту гледжання пэўных сацыяльна-палітычных ідэалаў. Непасрэдна залежыць ад светапогляду пісьменніка, сувязі яго з жыццём народу, з тым, чым жыве краіна, эпоха, усё чалавецтва.
   Высокая ідэйнасць, што выяўляе прагрэсіўныя погляды аўтара, процістаіць рэакцыйнай ідэйнасці (выражае мяшчанскія імкненні, думкі дэкласіраваных элементаў і гэтак далей) і безыдэйнасці - адсутнасці ў літаратурным творы якога-небудзь ідэйнага зместу, фармалістычным выкрутасам. У сапраўдным літаратурным творы ідэя не выказваецца непасрэдна, а ўвасабляецца ў мастацкіх вобразах. Яна, па выказванню С. Палуяна, "не вылазіць наверх, як шыла з мяшка, а ляжыць у самой сутнасці паэтычнага таленту аўтара"; тыя ці іншыя ідэі "прышчэпліваюцца не гучнымі словамі, а паэтычнымі вобразамі". Само ж імкненне "прышчапіць" пэўныя думкі і пачуцці, унушыць іх чытачам называецца тэндэнцыйнасцю. Усе найбольш значныя пісьменнікі свету былі тэндэнцыйнымі. "Бацька трагедыі Эсхіл і бацька камедыі Арыстафан, - падкрэсліваў Ф. Энгельс, - былі абодва ярка выражанымі тэндэнцыйнымі паэтамі, гэтаксама і Дантэ, і Сервантэс, а галоўная вартасць "Каварства і кахання" Шылера ў тым, што гэта - першая нямецкая палітычная тэндэнцыйная драма. Сучасныя рускія і нарвежскія пісьменнікі, якія пішуць цудоўныя раманы, усе тэндэнцыйныя". Часам тэрмін "тэндэнцыйнасць" ужываецца ў негатыўным значэнні - як прадузятая, ілжывая думка, якую пісьменнік навязвае чытачу, скажаючы пры гэтым рэальныя факты.