Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ямб

   Ямб (грэч. jambos — кідальнік; нападаючы)
   1. Адзін з метраў антычнай і сілаба-танічнай сістэм вершавання, заснаваны на раўнамерным чаргаванні ў вершаваных радках кароткіх (або ненаціскных) няцотных і доўгіх (або націскных) — цотных складоў; схема гэтага метра наступная: —| —| —|...;
   2. Від двухскладовай стапы, што ўтвараецца з кароткага і доўгага (антычнае вершаванне) або ненаціскнога і націскнога складоў (сілаба-танічнае вершаванне):—|.
   У беларускай навуковай літаратуры тэрмін упершыню ўпамінаецца ў кнізе Л. Зізанія «Грамматіка словенска» (1596). У рускую паэзію ямб увялі В. Традзьякоўскі і М. Ламаносаў, ва ўкраінскую — I. Катлярэўскі. Сустракаецца ямб у беларускім песенным фальклоры, у новай беларускай літаратуры ўпершыню ўжываецца ў творах канца XVIII — пачатку XIX ст. («Ці чулі вы, панове, зроду...», «Энеіда навыварат»). У радках беларускага верша бывае ад адной да дзесяці стопаў ямба. Вось прыклады некаторых ямбічных памераў — адпаведна Я2, Я3, Я5:

 

Было тады:
Сяло, сады.
Цвілі гады,
Нібы сады.
(Янка Сіпакоў)


Мяне ў жывых не стане,
Сыду я ў небыццё,
Ды вечна будзе ранне
І песні, і жыццё.
(Якуб Колас. «Сам сабе»)

Паўстань з народу нашага, Ўладар,
Адбудаваць свой збураны пасад,
Бо твой народ забыў, хто гаспадар
І хто яго абдзёр з каронных шат.
(Янка Купала. «Паўстань…»)


   Найбольшае распаўсюджанне ва ўсходнеславянскай паэзіі набыў Я4. Ім напісаны такія шэдэўры сусветнай літаратуры, як «Евгений Онегин» А. Пушкіна,«Энеіда» І. Катлярэўскага, «Новая зямля» Якуба Коласа, мноства вершаў беларускіх паэтаў («Люблю» К. Буйло, «Беларусь» Петруся Глебкі, «…...Заўсёды трошкі таямніцай» Алега Лойкі, «Шэсць вершаў для А.» Леаніда Дранько-Майсюка, «Трыпціх» Х. Чэрні і інш.).
   Вось характэрныя прыклады Я4:

Жыццё — не мітульгі пацеха.
Таптала. Славіла. Ламала.
Нявыкрыканы крык, як рэха:
Жыцця ў жыцці мне мала. Мала!
(А. Вялюгін)

Мой родны край доўгацярплівы,
Даруй мне кожны каласок,
Што я з тваёй збяднелай нівы
Знёс на чужую незнарок.
(І. Ласкоў. «…...Я страціў
смак да іншай мовы»)


   Да ямба часта звяртаўся Максім Багдановіч. Па падліках I. Ралько, ямбам напісана 35 працэнтаў усіх вершаў паэта (1492 радкі), прычым ён карыстаўся 26 памерамі ямба. Найбольшая колькасць радкоў (616, або 14,5 працэнта) прыпадае на долю чатырохстопнага ямба, рэшта — двух-, трох-, пяці-, шасцістопны ямб або спалучэнне гэтых памераў у розных камбінацыях.
   Пяцістопны ямб знайшоў пашырэнне ў цвёрдых формах верша (санет, актава і г. д.), а таксама ў так званым тэатральным белым вершы, якім звычайна пішуцца драматычныя творы («Над Бярозай-ракой» Петруся Глебкі, «Кацярына Жарнасек» М. Клімковіча).
   Бадай, самы ўнікальны прыклад ямба ў беларускай паэзіі — верш В. Шніпа «Восень. У Траецкім», напісаны Я10 (! ):

 

Траецкае, нібы майстэрня мастака, прапахла фарбамі

і кавай

І вецер, як натуршчык п’яны, стомлена блукае між

старых дамоў,

Дзе ціха, як на могілках, і ўсім, нібы ў музеі, тут яшчэ

цікава

Хадзіць і сцены разглядаць, і булкамі карміць нахабных

галубоў.

Ты зойдзеш у задымлены шынок і соку вып’еш,

купіш цыгарэт,

Паслухаеш спакойную, як павуціна, музыку,

што льецца сонна

На тлумны і галодны, як сабака і як першы снег,

халодны свет,

І будзе ўсё навокал, быццам шэры пыл і неба

над зямлёй, будзённа.

(В. Шніп. «Восень. У Траецкім»)

 

   Да ямбічных памераў звяртаюцца практычна ўсе сучасныя беларускія паэты.