Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Эстэтычныя катэгорыі

   Эстэтычныя катэгорыі (ад гр. aisthetikos — пачуццёвы) — паняцці, якімі для вызначэння і ацэнкі з'яў рэчаіснасці аперыруе эстэтыка — навука аб прыгожым у грамадскім жыцці, прыродзе і мастацтве.
   Сярод гэтых эстэтычных катэгорый — тры пары супрацьлеглых паняццяў: прыгожае — агіднае, узнёслае — нізкае, трагічнае — камічнае.
Эстэтычная катэгорыя прыгожага ўвасабляе станоўчыя па змесце і дасканалыя па форме з'явы, у тым ліку — творы мастацтва. Выяўляе сабою адзінства красы, ісціны і дабра, з'яўляецца ідэалам, мераю якога ацэньваюцца і літаратурныя творы. Прыгожае суадносіцца з узнёслым як канкрэтна-пачуццёвым, вобразным уяўленнем велічнага, неабсяжнага і дасканалага. Аднак, калі ў прыгожым мы назіраем гарманічную суладнасць розных з'яў, падзей і прадметаў, то ва ўзнёслым выразна выступае перавага грамадскага над асабістым, агульнага над прыватным, духоўнага над цялесным. Эстэтычная катэгорыя ўзнёслага і прыгожага супрацьстаяць нізкаму і крайняй яго ступені - агіднаму. Нізкае ўвасабляе мізэрныя з'явы рэчаіснасці, мастацкае выяўленне бездухоўнасці ў асабістым і грамадскім жыцці. Але трэба ўлічваць, што нізкае і агіднае ў мастацтве выступаюць у прыгожых, дасканалых формах. Таму ўспрыманне нізкага і нават агіднага своеасаблівае: адмоўнае стаўленне да аб'екта адлюстравання сумяшчаецца з асалодаю перажывання ад прыгажосці твора. З прыгожым і ўзнёслым суадносіцца трагічнае, якое ўвасабляе невырашальныя супярэчнасці маральнага, грамадскага, гістарычнага характару (канфлікт паміж розумам і пачуццём, гонарам і каханнем, абавязкамі грамадскімі і сямейнымі, жыццём рэальным і ідэальным і г. д.) і заканчваецца пакутамі і гібеллю героя або ягоных жыццёвых каштоўнасцей. У літаратуры трагічнае найбольш адэкватную форму ўвасаблення знаходзіць у трагедыі, якая, аднак, не падаўляе сваёй безвыходнасцю, а дзякуючы катарсісу (гр. katharsis — ачышчэнне) аказвае на чытача (гледача) ачышчальнае, духоўна-аздараўленчае ўздзеянне (па Арыстоцелю трагедыя ўчыняе "шляхам спачування і страху ачышчэнне ад падобных афектаў"). Эстэтычная катэгорыя, супрацьлеглая трагічнаму, — камічнае, у аснове якога — неадэкватнасць паміж сутнасцю з'яў і прадметаў (іх недасканаласцю, нежыццёвасцю, нікчэмнасцю) і вонкавай формай іх выяўлення (маскіроўка пад значнасць, паўнацэннасць). У літаратуры эстэтычная катэгорыі ўвасабляюцца ва ўсёй шматстайнасці родаў, відаў і жанраў мастацкіх твораў. Так, камічнае шырока выяўляецца ў гумарыстычных і сатырычных жанрах (камедыя, байка, пародыя, фельетон, эпіграма, памфлет і інш.), узнёслае, прыгожае — у грамадзянскай, інтымнай, філасофскай, пейзажнай лірыцы і г. д. Прычым, у асобныя перыяды свайго развіцця літаратура ў цэлым канцэнтруе асноўную ўвагу то на трагічным і гераічным, то на камічным, то на ўзнёслым, то на нізкім. Што да саміх пісьменнікаў, то творчая накіраванасць іх на тыя ці іншыя эстэтычныя катэгорыі абумоўліваецца яшчэ і характарам таленту (так, сатырык і камедыёграф Кандрат Крапіва скіроўвае ўвагу найперш на з'явы адмоўныя, недарэчныя, празаік Васіль Быкаў — на гераічныя і трагічныя і г. д.).