Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Эпітэт

   Эпітэт (ад грэч. epitheton — прыдатак) — від простага тропа, мастацкае акрэсленне істотнай прыметы якога-небудзь прадмета ці з'явы.
   Сустракаецца нярэдка ў прозе, найперш у прадстаўнікоў лірычнай стылёвай плыні (у Янкі Брыля: шчодрае неба, пераспелы жаніх, босая вёска, малады смех, бязлобая галава, казённыя вочы), асабліва часта — ў паэзіі.
   Выражаецца найчасцей прыметнікам («гарачы свой шлях», «без мудрага троса», «прызбе маўклівай» — Аркадзь Куляшоў; «бескапытная дарога», «яршысты снег», «на горкім вяселлі дачкі» — А. Пысін; «васільковы спакой, смутак верасу сіні, палыновая памяць тугі», «град буйнакаліберны» — Рыгор Барадулін; «шматсерыйныя шпіёны» — Генадзь Бураўкін; «стадыёнаў стадны гром» — Алег Лойка; «пластылінавы месяц», «напеў электронна-дрогкі» — Адам Глобус), а таксама назоўнікам (рак-небарак, жаба-квактуха, муха-звінуха — народная песня, «гуслі-баі», «вяселле-разгул», «рабы-цары» — Янка Купала, «мароз-мастак» — Якуб Колас, «жалеза-слова» — А. Моркаўка, «завея-папрадуха» — С. Гаўрусёў, «прагрэс-папіхач» — А. Грачанікаў), прыслоўем («буяна травы ймкнуць да зор навыперадкі, напярэймы, узахапкі і насупор» — Уладзімір Караткевіч, «упрыглядку на дзяўчат» — Рыгор Барадулін), дзеепрыметнікам ці дзеепрыслоўем (здзічэлы голас, жыў прыпяваючы).
   Эпітэт адрозніваецца ад звычайнага граматычнага азначэння сваёй пераноснай, вобразнай сутнасцю. У мастацкіх творах азначэнне і эпітэты ужываюцца, як правіла, побач, ствараючы агульны яскравы малюнак:«Ціха па мяккай траве сінявокая ноч прахадзіла» (Максім Багдановіч) — тут ціха і мяккай — азначэнне, сінявокая — эпітэт.
   Узаемаўзбагачаюць, узаемадапаўняюць адно другое эпітэты і азначэнні і ў наступным вершы Ларысы Геніюш:

 

У горы я над тваімі ранамі...
Божа, болей Цябе не карай,
старажытны, любы, каханы мой,
вечна скованы, родны край!


Мой курганны, жытні, зубрыны мой,
вытрывалы ў агні пакут,
Ефрасінін, святы, Скарынавы
Беларускі адвечны кут...


   Вылучаюцца эпітэты метафарычныя (сінія песні мора, зялёнае полымя дрэў), гіпербалічныя (чалавек-гара), складаныя (светлавокая радасць), іранічныя (дыпламаваны баран, шматступенчатыя дурні). У фальклоры распаўсюджаны так званыя пастаянныя эпітэты (конь вараненькі, гады маладыя, доля горкая).
   Арыгінальнасць мастакоў слова, перш за ўсё паэтаў, у многім вызначаецца самабытнасцю, непаўторнасцю эпітэтаў, гэтых «стрэлаў у сутнасць» (М. Рыльскі). Яны дапамагаюць лаканічна і вобразна ахарактарызаваць з'яву, даць ёй ацэнку, канкрэтызаваць, вылучыць патрэбную рысу ці адзнаку. Вось некалькі прыкладаў з такімі эпітэтамі:

Дай, паэзія, меч прамяністы,
Слова-гарт, слова-кліч, слова-бой!
Дай палёт мне арліны, агністы,
Гімнам-полымем біць да нябёс!
(П. Пестрак. «Паэзія»)


У акенца тваё
Я пастукаў зязюльчыным ранкам
Пасля салаўі нага вечара
І перапёлчынай ночы.
(Пімен Панчанка)


Позняя ягадка позняй спакусы.
Вэлюм маёвы растаў па вясне.
Запунсавела-прыпухлыя вусны
Свецяцца ціха-шчасліва праз снег.
(Яўгенія Янішчыц. «У шуме жытняга святла»)


   З дапамогай арыгінальнага падваення азначэнняў і эпітэтаў Максім Танк у вершы «Пасля снегападу» стварае своеасаблівы малюнак прыходу зімы.

   Знайсці дакладны эпітэт — справа нялёгкая. Часам паэту даводзіцца забракаваць мноства варыянтаў у пошуках самага аптымальнага, адзіна неабходнага. Так, падбіраючы для верша «Дзве сястры» эпітэт да слова зямля, Янка Купала запісаў і закрэсліў некалькі прыметнікаў: на маркотнай зямлі, на гаротнай зямлі, на скаванай зямлі... Нарэшце было знойдзена патрэбнае слова: «На тутэйшай зямлі дзве сястрыцы жылі...» Увогуле Янка Купала — майстар эпітэтаў. Вось яго некаторыя эпітэты: халодныя песні, пот крывава-чырвоны, лісце струпеўшае, брат слёзнавокі, зямля хлебадайная, чорненькі час.
   Эпітэт — адзін з самых дзейсных і шырока распаўсюджаных паэтычных тропаў.