Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Эпітафія

   Эпітафія (грэч. epithaphios, ад ері — на, з выпадку і taphos — магіла) — адзін з вершаваных жанраў. У антычнай лірыцы — верш-надпіс на магільным помніку. У такім значэнні эпітафія зрэдку ўжываецца і сёння (напрыклад, эпітафія на адным з помнікаў Хатынскага мемарыяла). Аднак яшчэ ў старажытнасці гэтым тэрмінам сталі называць любы невялікі верш, напісаны ў форме надмагільнага надпісу, т. зв. фіктыўны надмагільны надпіс. З часам эпітафія набыла выразнае сатырычнае гучанне, стала зброяй ідэйнай, палітычнай барацьбы.
    Такія функцыі яна атрымала, напрыклад, у творчасці выдатнага шатландскага паэта XVIII ст. Р. Бёрнса.
    З беларускіх пісьменнікаў упершыню да эпітафіі звярнуўся Сімяон Полацкі. Пасля яго доўгі час гэтым жанрам ніхто не карыстаўся, і толькі на пачатку XX ст. ён адрадзіўся ў творчасці Янкі Купалы («Мая эпітафія», 1906).
    У сучаснай беларускай паэзіі эпітафія з’яўляецца найперш відам сатырычнай паэзіі (асобныя эпітафіі Максіма Танка і Васіля Віткі , «Эпітафія на помнік паклёпніка» М. Скрыпкі). Такая і «Эпітафія» Кандрата Крапівы, напісаная ў час Вялікай Айчыннай вайны з выпадку знішчэння партызанамі гітлераўскага стаўленіка на Беларусі гаўляйтэра Кубэ:

Тут ляжыць высокі чын — 
Кубэ, Гітлераў служака.
Пры жыцці быў сукін сын
І загінуў як сабака.


    Сатырычным пафасам прасякнута і «Эпітафія» Ніла Гілевіча:

 

Тут спіць Пракоп. 
Ён рана ўсоп,
Бо траціў сілы з неашчаднасцю
На два франты: як вершароб
І як стукач (па сумяшчальніцтву).


Аднак часам эпітафія мае і выразна лірычны характар, як, напрыклад, «Эпітафія» Максіма Танка («Не завіце безыменнымі ...»).