Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Эпіталама

   Эпіталама (грэч. epіthalamіos oіdе , ад ері — на, з выпадку і thalamos — шлюб, шлюбнае ложа) — урачыстая вясельная песня ў гонар жаніха і нявесты. Узнікла ў народным вясельным абрадзе ў Старажытнай Грэцыі і Рыме. Адзін з яе відаў — гіменэй, песня, у суправаджэнні якой нявеста ўваходзіла ў дом жаніха. Пазней эпіталама набыла значэнне самастойнага літаратурнага жанру — своеасаблівай оды ў гонар маладых.
    Вядомыя эпіталамы Сафо (VII ст. да н. э.), Катула (I ст. да н. э.). У Расіі да яе звярталіся В. Традзьякоўскі, I. Севяранін.
    Першую беларускую эпіталаму напісаў Уладзімір Караткевіч (1967):

 

Кахання бог у светлай сіле 
Сядзіць між нас. Я п’ю нагбом
За вас: прыгожых, добрых, мілых,
За ваш стары і новы дом.
Да схілу дзён сваіх астатніх
Мы вам сябры. Няхай жыве
Наш гонар: Слава і Тацяна,
Сябры ад сёння і — навек.
Малю аб вечным і адзіным:
Хай шчасны будзе на вякі
Шлюб Беларусі і Ўкраіны,
Шлюб Львова й Іслачы-ракі.


    Эпіталаму «Уваходзіны ў паэму» напісаў Янка Сіпакоў. Эпіталамны характар маюць асобныя раздзелы паэмы Янкі Купалы «Яна і я».